У пятніцу, 18 кастрычніка, душпастарства Службы Аховы Здароўя адзначыла сваё патранальнае свята - дзень св. Лукі Евангеліста. Вечарам у Гродзенскім катэдральным касцёле імя св. Францішка Ксавэрыя цэлебравалася ўрачыстая св. Імша, якую ўзначаліў Яго Эксцэленцыя кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч, ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі.
Кс. Мікалай Ціхановіч, адказны за душпастарства медыкаў у Гродне, падчас казання падкрэсліў, што: “Жыццё чалавека – гэта дар Бога. (…) Мы – веруючыя медыкі, мы не можам саромецца або баяцца сваіх хрысціянскіх поглядаў. Нават калі гэта не модна і не прэстыжна. Самае галоўнае, што за гэтым стаіць праўда. Людзям патрэбна праўда… Падтрымайце праўду Словам Божым, замацуйце яе. Не бойцеся праўды. Толькі імкнучыся да праўды, мы становімся свабоднымі і пачынаем кахаць па-сапраўднаму, бязвыплатна, альтруістычна.”
Кс. Мікалай таксама ўзгадаў словы Святога Айца Францішка: “Мы глядзім на Бога як на Бога жыцця. Мы разглядаем Добрую вестку як шлях да свабоды і жыцця. Жывы Бог робіць нас свабоднымі. Скажам "так" любові і "не" эгаізму, скажам "так" жыццю, а не смерці, падтрымаем свабоду і адмовімся ад рабства і залежнасці ад столькіх ідалаў нашага часу”.
На завяршэнне пропаведзі душпастар заклікаў працаўнікоў-медыкаў:“Не саромейцеся свайго хрысціянскага светапогляду, шукайце жывога Бога, і Ён будзе накіроўваць вашую веру. Бог зробіць вас свабоднымі ў вашым асабістым, сужанскім і сямейным жыцці. Ён зробіць вас свабоднымі ў вашай прафесійнай медыцынскай практыцы. Калі вы будзеце слухаць свайго сэрца – вы будзеце слухаць Бога. І тады вы будзеце цудоўнымі людзьмі ў белых халатах. Гэта рэальна!”
Далей удзельнікі душпастарства выразілі словы падзякі кс. Мікалаю Ціхановічу, а таксама Яго Эксцэленцыі кс. бп Аляксандру і пробашчу катэдры – кс. Яну Кучынскаму.
Гродзенскі ардынарый у сваю чаргу падзякаваў медыцынскім працаўнікам з Гродна за намаганні, якія яны прыкладаюць у справе рэалізацыі аздараўляючай і збаўчай місіі Хрыста, і падкрэсліў, што быць медыкам – гэта таксама пакліканне, падобнае да паклікання быць святаром, толькі медыкі лечаць цела, а святары – душу.
Падрыхтавала Марына Белаблоцкая