Skip to main content

Біскуп Казімір Велікаселец:“Касцёл для чалавека – усё!”

img 4690 thumb“80 гадоў для касцёла – гэта не так ужо і шмат,” – думала я, назіраючы, як праносіцца за вакном аўтамабіля дарога, што вядзе ў мястэчка Радунь. Што я ведаю пра Радунь? Ну, здаецца тое ж, што і ўсе: ведаю пра іешыву (вышэйшая навучальная рэлігійная ўстанова ў яўрэяў), якая была тут заснавана ў XIX стагоддзі раввінам Хафец-Хаімам, ведаю пра тое, што ў Радуні знайшоў сабе прыстанак вольналюбівы цыганскі народ… І вось цяпер еду на свята 80-годдзя кансэкрацыі касцёла Маці Божай Ружанцовай.

Касцёл Маці Божай стаіць на ўскраіне мястэчка, не заблукаеш. Пабудаваны з цэглы і каменю, высокі, з двума сямнаццаціметровымі вежамі. Хрысціянская супольнасць з’явілася ў Радуні ў ХVI стагоддзі, з тых часоў тут і стаяў драўляны касцёл, а ўжо ў 30-я гады 20 стагоддзя быў выбудаваны гэты – каменны. А імя Маці Божай Ружанцовай парафія атрымала яшчэ ў 1848 годзе.

Да пачатку ўрачыстасці яшчэ быў час, але людзі ўжо паступова прыходзілі. Адклалі свае штодзённыя справы, прыйшлі павіншаваць любімую святыню з днём нараджэння. А яна гатова была спаткаць сваіх вернікаў. Ля касцёла ўсталёўвалася сцэна, дзе пасля св. Імшы павінны быў адбыцца канцэрт, каля ўвахода можна было набыць розныя рэлігійныя рэчы: абразкі, нацельныя крыжыкі, нават статуэткі вясёлых анёлкаў. А сам кацёл быў па-святочнаму ўпрыгожаны стужкамі і кветкамі.

Урачыстасць распачалася з выступлення лідскага ансамбля “Kresowiacy”. Артысты так і сказалі: “Вы пачуеце ў нашым выкананні песні, якія спявалі яшчэ нашыя мамы і бабулі!” І заспявалі! І пра дзяўчыну, што нават у воду скочыць за шэрыя вочы любага Яся, і пра радуньскі кірмаш, і пра хуткаплыннасць жыцця… І вясёлыя спявалі, і сумныя, але ўсё больш пра каханне.

А далей распачалася ўрачыстая Імша, якую ўзначаліў кс. біскуп Казімір Велікаселец. Разам з 11-цю святарамі з розных парафій. Ксёндз Вітальд Лазавіцкі шмат гадоў праслужыў у Сапоцкіна, а з 2011 – пробашч у касцёле Маці Божай Ружанцовай. Менавіта яго намаганнямі Імша была вельмі асаблівай: акрамя святароў, прадстаўнікоў мясцовай і гарадской улады, на свята прыбыла цэлая дэлегацыя гасцей з Польшчы, сярод якіх быў аўтар “Гісторыі Радуні”, прадстаўнікі згуртавання Дапамогі Палякам на Усходзе і Генеральнага консульства РП у Гродна. Але галоўным падарункам жыхарам мястэчка стаў візіт спадарыні Аліны-Тэрэсы Мідро, нашчадка святара Станіслава Шчэмірскага – чалавека, які і пабудаваў мясцовы будынак касцёла. Спадарыня Аліна расказала жыхарам пра гісторыю яе сям’і, якая так цесна пераплятаецца з гісторыяй касцёла і мястэчка.

На пачатку ХХ стагоддзя ў Радуні разгарнуліся сур’ёзныя непаразуменні паміж вернікамі на прадмет таго, на якой мове праводзіць св. Імшу. Пытанне было настолькі вострым, што нават ішла гаворка пра пабудову двух касцёлаў: аднаго для палякаў, другога для літоўцаў. У 1924 годзе ў Радунь прыбыў на гэтую душпастарскую пляцоўку кс. Станіслаў Шчэмірскі. Ён і распачаў будаванне касцёла Маці Божай Ружанцовай, будаванне, якое скончылася 7 верасня 1933 года.

“Ксёндз Станіслаў не хацеў дзяліць тое, што створана Богам. Ён аб’яднаў людзей, паказаўшы ім, дзе ёсць Бог, а не стаў будаваць дзве святыні. Менавіта дзякуючы святару Станіславу на сённяшняй урачыстасці мы молімся ў АДНЫМ касцёле!” – гаварыў у пропаведзі ксёндз Юзаф Макарчык. – “Ксёндз Шчэмірскі тут за 11 гадоў працы зрабіў столькі, колькі не могуць зрабіць за 100-200 год. У 33-м тут ужо была пабудавана цудоўная святыня, але галоўнае тое, што ксёндз аб’яднаў хрысціян, навучыў іх верыць, разам маліцца і жыць у супакоі”.

Біяграфія кс. Станіслава Шчэмірскага, гісторыя касцёла, здавалася, закранула ўсіх прысутных. “Касцёл – гэта агульны дом для ўсіх!” – прапаведваў дапаможны біскуп з піншчыны. – “Мы ўсе адчуваем сябе тут як дома. Дзе няма храма – там ёсць грэх. Бо касцёл для чалавека – усё!” Пасля адарацыі Найсвяцейшага Сакраманта біскуп Велікаселец асвяціў фігурку Хрыста Караля, усталяваную ля касцёла спецыяльна з нагоды свята, а таксама памятную табліцу і копію Турынскай плашчаніцы, якая з вялікімі цяжкасцямі з-за мяжы ўсё ж трапіла ў Радунь.

На заканчэнне св. Імшы госці склалі свае віншаванні жыхарам мястэчка, а асабліва кс. пробашчу Вітальду (чый дзень нараджэння прыпаў якраз на 7 верасня!), які сардэчна дзякаваў і быў вельмі ўзрушаны.

Урачыстасць скончылася канцэртам. Людзі стаялі ля касцёла сваёй апякункі Маці Божай Ружанцовай і слухалі мелодыі вясёлых песень, упэўненыя, што касцёл, які надзейна праслужыў 80 гадоў, дачакаецца і 800-годдзя…

Вольга ПІНКЕВІЧ для газеты "Слова Жыцця"