XХII Звычайная Нядзеля. Кс. Андрэй Кеўлюк
Хто мае мацней локці, хто больш спрытны, хто зможа іншых перахітрыць, падмануць, той займае найлепшае месца.
“Шчаслівыя” апярэджваюць іншых пры выбары больш “выгадных” месцаў, каб лепш уладкавацца ў жыцці, выбіраюць найлепшыя месцы ў грамадскім транспарце, найлепшыя месцы на мерапрыемствах, найлепшыя месцы на трыбунах і г.д. Напэўна, кожны з нас заўважаў такіх людзей і ў касцёле, яны звычайна займаюцца “паляваннем” за лепшым месцам, з якога будуць больш бачыць, з якога хутчэй уцякуць з касцёла пасля набажэнства, і каб яго заняць зробяць ўсё магчымае і немагчымае (выганяць, паспрачаюцца, пасварацца). І на жаль, такія людзі лічаць, што так і павінна быць…
Сённяшняе Евангелле звяртаецца менавіта да такіх людзей і да кожнага з нас, каб мы не папоўнілі іх шарэнгі, бо, як кажа Езус у Добрай Навіне, “кожны, хто ўзвышае сябе, будзе паніжаны”.
Многія цяпер могуць замахаць рукамі, запярэчыць, што ў паўсюдным жыцці інакш нельга, трэба падманваць, не лічыцца з іншым чалавекам. Нас навучылі, што толькі мацнейшыя маюць права на жыццё. Але ці на самой справе гэта так…
У жывёл можа і так, але ў людзей так быць не можа і не павінна, тым больш у хрысціян. Бог-Любоў адарыў нас розумам, адарыў пачуццём любові, павагі да іншага. І ў сваім жыцці кожны з нас павінен раўняцца на Нябеснага Айца, станавіцца да Яго падобным у любові да чалавека, у шанаванні правоў іншага, у самаахвярнасці. Толькі робячы так кожны з нас можа з гонарам называцца Чалавекам. І самае галоўнае -- кожны з нас не павінен чакаць, што за нашы добрыя чыны мы адразу атрымаем узнагароду, прызнанне нашых заслуг. “Дзіця, рабі свае справы ў пакоры, і будзе любіць цябе чалавек богаўгодны. Чым больш ты вялікі, тым больш пакорным станавіся, і тады знойдзеш ласку ў вачах Пана, бо вялікая магутнасць Пана і праз пакорных праслаўляецца Ён”. Мы павінны рабіць добрыя чыны не напаказ, а дзеля Бога.
У апошні час я неаднаразова чуў пра людзей, якія змяняюць сваё жыццёвае прызначэнне толькі таму, што іх “недаацанілі, не заўважылі”, што не сталася так, як яны сабе запланавалі. Ведаеце, дарагія чытачы парталу, я не магу зразумець такіх людзей. Кожнаму з нас Бог даў таленты, можа аб гэтым прачытаць у Евангеллі паводле Мацвея 25,14-30, але ўжо ад нас асабіста залежыць, што мы з імі зробім, памножым альбо закапаем. Чалавек, які вінаваціць іншых у сваіх паражэннях, хоча толькі ўцячы ад адказнасці перад сваім уласным сумленнем, перад Богам. На жаль, гэтага нельга зрабіць, бо рана ці позна прыйдзе час разліку.
Няхай кожны з нас робіць добрыя чыны, няхай кожны з нас стараецца выканаць сваё прызначэнне як найлепш, як бы гэта рабіў для Бога, а не для людзей. Менавіта аб гэтым кажа нам другая частка сённяшняга Евангелля: “Калі наладжваеш абед ці вячэру, не кліч сяброў тваіх, ні братоў тваіх, ні родных, ні суседзяў багатых, каб і яны не паклікалі цябе ў адказ, і ты атрымаў бы адплату. Але калі наладжваеш гасціну, кліч убогіх, калекаў, кульгавых, невідушчых, і шчаслівы будзеш, што яны не маюць як адплаціць табе, бо адплаціць табе ў дзень уваскрашэння справядлівых”.