Skip to main content

У Смаргоні адбыліся парафіяльныя місіі

Святыя місіі ў парафіі Святога Міхаіла Арханёла прайшлі з 20 па 28 кастрычніка. Іх правялі айцы рэдэмптарысты: а. д-р Адрэй Шчупал, святар з трыццацігадовым досведам, выкладчык Гродзенскай духоўнай семінарыі, а. Андрэй Ядкоўскі, вікарый парафіі ў Вялікай Бераставіцы і а. Валерый Мазюк, які працуе ў Гродне ў парафіі на Дзевятоўцы.

 

На пачатак місій пробашч парафіі ксёндз Здзіслаў Вэдэр падчас святой Імшы ўручыў айцам-місіянерам стулы – знак святарскага служэння, перадаў ключы ад святыні і адзначыў, што тут на працягу васьмі дзён яны душпастары і паўнапраўныя гаспадары.

Кожны дзень місій адрозніваўся адзін ад аднаго і меў свой тэматычны накірунак. Расклад святых Імшаў і сустрэч са святарамі быў складзены так, каб як мага больш парафіянаў змаглі пабываць у касцёле. Той, хто працавай удзень, меў магчымасць прыняць удзел у вячэрніх святых Імшах, навуках і набажэнствах. Святары стараліся ахапіць усе слаі і ўзроставыя групы вернікаў: дзяцей, моладзь, мужчын і жанчын, хворых і людзей у сталым узросце.

- Штогод я праводжу прыкладна дзесяць святых місій у розных кутках Беларусі, Польшчы і Расіі, - кажа айцец Андрэй Ядкоўскі, - яны ў кожнай парафіі розныя, хоць тэмы, на якія мы разважаем, для хрысціяніна з’яўляюцца агульначалавечымі і вечнымі: “Бог ёсць любоў”, “Грэх, які нам перашкаджае”, “Вера і навяртанне”, “Неба або пекла”, “Сям’я”, “Эўхарыстыя” і г.д. Мы, святары, адчулі, што ў Смаргоні людзі з першых дзён з адкрытым сэрцам сталі наведваць набажэнствы. Прычым не толькі ў нядзелю, але на працягу ўсяго тыдня вельмі шмат вернікаў прыходзіла ў касцёл і моладзевы каталіцкі цэнтр. Яны вельмі шчыра перажывалі тое, што пачулі на святой Імшы, на сустрэчах з намі, і гэта вельмі моцна адчувалася падчас споведзі.

Асаблівым днём стала пятніца, калі ў касцёл вернікі прыйшлі цэлымі сем’ямі, калі муж і жонка ў прысутнасці сваіх дзетак аднаўлялі сужэнскую клятву, якую складалі падчас шлюбу.

Напрыканцы місій айцы рэдэмптарысты ў прысутнасці шматлікіх вернікаў урачыста ўсталявалі місійны крыж – відавочны знак, які пастаянна будзе нагадваць пра гэтую важную дату ў гісторыі парафіі. Для многіх парафіян святыя місіі сталі часам, калі яны спыніліся на некалькі дзён і паглядзелі на пражытае жыццё праз прызму Евангелля, а таксама аднавілі і ўзмацнілі сваю веру.

Місіі – гэта серыя духоўных практыкаванняў, навук і набажэнстваў, якія накіраваны на духоўнае адраджэнне парафіі. Падобнага роду духоўнае мерапрыемства ў Смаргоні праводзілася дваццаць гадоў таму ксяндзамі салезіянамі.

Галіна Антонава