
Перад самым паказам да гледачоў звярнуўся рэжысёр “Беларусьфільма” Юрый Гарулёў, старшыня Міжнароднага каталіцкага фестывалю хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм:


З-за штодзённых клопатаў мы рэдка звяртаем увагу на жыццё вакол нас. Тысячы людзей са сваімі разнастайнымі лёсамі абмінаюць нас, а мы збольшага ведаем, што набылі, куды паехалі ці якія праблемы на працы ў нашых сяброў і суседзяў. І штодзённы быт зацяняе нам яркія фарбы жыцця, якое сапраўды цікавае і каляровае. Дакументальныя фільмы могуць зрабіцца своеасаблівымі “вочкамі” ў суседнія, а можа, і вельмі далёкія чалавечыя лёсы і гісторыі. Пасля прагляду ўжо трошкі больш ведаеш, чым жывуць людзі за белым мурам гродзенскай турмы і навошта туды ходзіць кс. Казімір Жыліс. Стужка “Дзяўчаты, дзяўчаты” пра выхаванак Свята-Нікольскага манастыра на тэрыторыі Украіны не адрывае ад экрана ад самага пачатку і да канца. Маленькія дзяўчынкі трапляюць у прытулак пры манастыры найчасцей з праблемных сем’яў, за свой кароценькі век яны ўжо паспелі пабачыць гора. Імі ў манастыры апекуюцца манахіні, спрабуючы ахінуць іх хрысціянскай любоўю і клопатам. І што цікава: рэжысёр спытаў дзяўчат, кім яны мараць стаць. Большасць дзяўчынак рознага ўзросту выказалася за тое, каб у прафесіі абавязкова служыць людзям. Атрымаўшы любоў, дзіця, а пасля дарослы чалавек гатовы дарыць яе іншым. Адваротнае можна было ўбачыць у фільме “Хлопец маёй сяброўкі”. Малады святар, былы скінхэд, нефармал, на прыміцыйнай св. Імшы якога замест аргана граў рокавы гурт, працуе з моладдзю. Малады чалавек сам перажываў падобныя праблемы, на могілках роднага мястэчка знаходзяцца некаторыя сябры юнацтва, якія памерлі ад наркотыкаў. І ён распавядае пра маладых праблемных хлапцоў, якія калісьці ў дзяцінстве недаатрымалі бацькоўскай і чалавечай любові, і таму зараз за ўвагу да сябе змагаюцца ўсімі спосабамі. Гэтая пустата, незапоўненая любоўю, штурхае хлопцаў да злачынстваў, алкаголю і наркотыкаў.

Вось за гэтыя “вочкі” ў іншыя чалавечыя сусветы вялікі дзякуй рэжысёрам-дакументалістам і арганізатарам кінапрагляду. Хочацца спадзявацца, што паспяховыя паказы натхняць арганізатараў ладзіць такія вечары хрысціянскага дакументальнага кіно ў Гродне часцей.