Skip to main content

Парафіяда. Дзень другі

Конкурсная праграма другога дня Парафіяды аб’ядноўвала спаборніцтвы пад агульнай назвай “Тэатр”. Яна распачалася конкурсам на веданне Бібліі і гісторыі жыцця Касцёла. Найлепш у тэстах зарыентаваліся вернікі самай малодшай катэгорыі – агулам яны паказалі лепшыя вынікі, найгорш чамусьці сябе паказалі ў веданні Бібліі самыя старэйшыя ўдзельнікі. Лёгкімі дзецям падаліся пытанні, якія датычыліся нейкіх дзеянняў у Бібліі. Цяжкімі былі пытанні, якія патрабавалі ведання некаторых урыўкаў Бібліі даслоўна.


Сёлета мы рыхтавалі тэсты на веданне Бібліі, якія тычыліся разумення веры, канкрэтна дзеянняў Езуса Хрыста, – распавёў кс. Віктар Ханько, старшыня камісіі “Тэатр” Парафіяды. – Па выніках тэстаў ствараецца ўражанне, што дзеці часам не пазначылі правільны адказ з-за няўважлівасці, а не столькі з-за няведання Бібліі, бо часам пытанні былі на кемлівасць. Хоць некаторыя малодшыя ўдзельнікі запоўнілі тэст практычна на 90% правільна. У старэйшых удзельнікаў пытанні былі часам даволі складаныя.

Ніжэй прапануем чытачам адно пытанне з тэстаў для самай малодшай катэгорыі – маеце магчымасць праверыць сваю кемлівасць і веданне Бібліі! “Што, паводле Езуса, трэба зрабіць, калі пачынаеш маліцца?” Варыянты адказаў: прабачыць; заспяваць песню; зрабіць знак крыжа; стаць на калені.

На конкурсе малюнкаў удзельнікі павінны былі ў вобразах прадставіць сваё сведчанне веры. Дзеці выкарыстоўвалі пастэль, акварэль, аловак. Было цікава зазірнуць у некаторыя малюнкі: працы дзяўчат пачыналіся з відарысаў жаночых вобразаў, на хлапечых малюнках прысутнічалі больш глабальныя сімвалы: зямнога шару, голуба.

Адным з самых відовішчных конкурсаў быў паказ малых тэатральных форм. Дзеці браліся за пастаноўку даволі складаных і глыбокіх тэм. У журы прысутнічалі ўжо вядомыя ўдзельнікам Парафіяды асобы: Святлана Лычкоўская, салістка эстрадна-сімфанічнага аркестра “Nota Band”, Анатоль Кандыба, загадчык музычнай часткай Гродзенскага драматычнага тэатра, кс. Андрэй Радзевіч. Уражаннямі ад паказу тэатральных выступаў падзяліўся сп. Анатоль Кандыба:

Я назіраю Парафіяду ўжо 4 гады. У цэлым, стала нашмат больш тэатралізацыі, нашмат больш творчага падыходу ў параўнанні з конкурсамі першых гадоў. Аднак узровень розных груп даволі розны. Ёсць над чым працаваць кіраўнікам парафіяльных тэатральных груп. А дзеці стараліся, і гэта было бачна: рэквізіт, касцюмы, дэкарацыі. Была б адна рэкамендацыя: мы ўсё-такі жывём у ХХІ ст, і хацелася б бачыць больш сучасную форму рэалізацыі зместу, больш набліжаную да моладзевай тэматыкі. Напрыклад, цікава глядзелася пантаміма.

Больш удзельнікаў сабралі музычныя конкурсы: рэлігійнай песні “Sacro song” і конкурс “Музыка маім жыццём”. Трохі засмучала, што пераважная большасць удзельнікаў, асабліва ў другім конкурсе, – дзяўчаты, якія спявалі ці па адной, ці дуэтамі, ці трыо. Хлопчыкі былі заўважаныя літаральна ў некалькіх нумарах. Больш разгарнуцца даваў, канешне, конкурс “Музыка мамі жыццём”. Парафіядаўцы спявалі папулярныя хіты расійскай, польскай, замежнай эстрады, перараблялі песні, спрабавалі ставіць сцэнічныя нумары. Аб тым, які ўзровень музычных выканаўцаў быў сёлета, падзялілася меркаваннем сп. Святлана Лычкоўская:

Было шмат яркіх дзяцей. Уразіла тое, што дзеці ўдала папулярызуюць рэлігійныя песні – гэты конкурс было цікава слухаць, і было бачна, што слухачы таксама ведалі гэтыя песні і падпявалі. Цікавыя былі рэлігійныя песні, пакладзеныя на сучасныя вядомыя мелодыі. А ўжо ў вольнай катэгорыі дзеці раскрыліся яшчэ больш, спрабавалі і касцюмы рабіць сцэнічныя, і рухі былі. Хоць бачылася часам і скаванасць. Думаю, што з гадамі ўдзельнікі будуць улічваць атрыманы вопыт і будуць спяваць усё лепш.

Пасля конкурсаў усіх удзельнікаў Парафіяды чакаў канцэрт гурта з парафіі Гродна-Дзевятоўка.