12 верасня, калі адзначаецца ўспамін Найсвяцейшага Імя Марыі, біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй наведаў парафію Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Лідзе. У парафіяльным касцёле біскуп цэлебраваў Імшу, на якой групе маладых парафіян быў удзелены сакрамэнт канфірмацыі.
Дапамогай для парафіян у падрыхтоўцы да ўспаміну Імя Марыі была саракагадзінная адарацыя. Яна ўжо па традыцыі пачынаецца ў гэтай парафіі 8 верасня, у свята Нараджэння Маці Божай.
Пробашч кс. прэлат Вінцэнт Лісоўскі, вітаючы прысутных, назваў гэты дзень важным для ўсёй парафіяльнай супольнасці, а кажучы пра прыняцце маладымі вернікамі сакрамэнту канфірмацыі, дадаў, што парафіяне з надзеяй глядзяць на маладое пакаленне, ад якога ў вялікай меры залежыць будучыня Касцёла і свету.
Біскуп, кажучы ў гаміліі пра ўспамін Імя Марыі, адзначыў, што Імя Маці Божай “мае незвычайную моц”: “Калі чалавек вымаўляе яго з верай, у сэрцы нараджаецца спакой. Яе Імя — гэта як святло ў цемры, як далонь маці, што падтрымлівае дзіця, калі яно баіцца”. Па словах іерарха, Касцёл, ушаноўваючы Імя Багародзіцы, “не спыняецца на гучанні, а адаруе (праслаўляе) Бога, які праз Яе ўчыніў вялікія справы”. Біскуп нагадаў, што ўспамін быў устаноўлены пасля перамогі пад Венай у XVII стагоддзі ў знак таго, што “з Паннай Марыяй прыходзіць перамога”. “Перамога, аб якой мы просім, — гэта не трыумф над чалавекам, а перамога ласкі над грахом, спакою над страхам, любові над абыякавасцю”, – патлумачыў іерарх.
Узгадваючы пра саракагадзінную адарацыю, праз якую парафіяне рыхтаваліся да гэтага дня, ён сказаў: “Адарацыя — гэта не толькі словы, гэта позірк, поўны любові. Адарацыя — гэта не страта часу: гэта школа позірку Марыі. Яна вучыць слухаць больш, чым гаварыць; любіць больш, чым разлічваць; заставацца з Езусам, калі свет спяшаецца”.
“Маці Божая вучыць нас, як адкрыць сэрца для Духа: сказаць “так” Богу, нават калі не ўсё разумеем, – адзначыў біскуп, кажучы пра сакрамэнт канфірмацыі і пра дары Святога Духа, якія атрымлівае чалавек у гэтым сакрамэнце. – Сем дароў Духа выдатна бачныя ў Яе жыцці: мудрасць — глядзець так, як Бог, Марыя “захоўвала ўсё ў сэрцы”; розум — разважаць над Словам: Марыя пытаецца, але давярае Богу; парада — у Кане Галілейскай Марыя кажа зрабіць усё, што загадвае Езус; мужнасць — Яна стаіць пад крыжам, Яна верная, нават калі адчувае боль; умеласць — Марыя бачыць Бога ў паўсядзённым жыцці Назарэта; пабожнасць — Яна жыве ў блізкасці да Айца; боязь Божая — у Марыі ёсць адвага пакорнага сэрца, якое нічога не ставіць вышэй за Бога. Няхай гэтыя дары стануць і вашым стылем жыцця”.
Біскуп заахвоціў парафіян клікаць Маці Божую на дапамогу, “калі ў сям’і цяжка, калі баішся за будучыню, калі табе не стае сілы”. Ён даў наступныя парады, як “жыць Іменем Марыі” кожны дзень: Ружанец (“няхай ён будзе дыханнем сям’і; дзясятак Ружанца перад сном можа захаваць мір у доме”), “Анёл Панскі” (“малітва, якая штодня нагадвае, што Слова становіцца целам у нашай штодзённасці”), нядзельная Імша і адарацыя (“з Марыяй да Езуса: нядзеля становіцца цэнтрам тыдня, адарацыя — абнаўленнем сэрца”), памяць пра бедных (“углядайцеся ў Марыю, якая ідзе да Альжбеты; хрысціянства заўсёды мае твар міласэрнасці”), чысціня мовы і позірку (“хто носіць Імя Марыі на вуснах, той хоча, каб яго сэрца было падобным да Яе сэрца”). Іерарх дадаў, што хрысціянскае сведчанне “заключаецца не ў вялікіх словах, а ў штодзённай вернасці Богу: сумленнасці ў працы, любові ў сям’і, прабачэнні ворагам”.
“Памятайце, што Марыя не пакідае сваіх дзяцей, – сказаў біскуп. – Яна вядзе, вучыць, суцяшае. Даверце Ёй сваё жыццё, свае сем’і, сваё пакліканне. І тады Дух Святы сапраўды распаліць у вас адвагу і любоў, а Езус Эўхарыстычны заўсёды будзе вашаю сілаю”.
У канцы літургіі маладыя людзі, якія прыступілі да канфірмацыі, выказалі ўдзячнасць Богу, сваім бацькам, біскупу, святарам, якія служаць у парафіі, і законным сёстрам, якія рыхтавалі іх да прыняцця сакрамэнту.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі