– Там шмат дзетак у інвалідных калясках, таму бацькам, а часам толькі адной маці, цяжка ўвогуле куды-небудзь выехаць з такім дзіцём, таму паездка за горад у Каробчыцы для гэтых сямей была сапраўдным святам, – распавяла арганізатарка акцыі і ўдзельніца групы “Воскресенье” Ірына Сосна.
Акцыя была прымеркавана да Дня сям’і, які адзначаецца 15 мая. У Каробчыцах было найбольш мамаў з дзецьмі, але прыехалі і таты. Дзеці каталіся на дыліжансе, конях, затым для ўсіх сямей моладзь зладзіла пікнік і гульні з забавамі. Сюрпрызам усёй праграмы стаў запрошаны клоун, які забаўляў дзетак.
– Цікавым момантам стала тое, што клоуну дапамагаў выступаць кіраўнік моладзевага душпастырства кс. Антоні Грэмза. Клоун сказаў, што яму патрэбны памочнік, каб гуляцца з дзецьмі, кс. Антонію выдалі адмысловую вопратку, і ён вельмі весела і годна паказаў сябе ў такой новай ролі, – распавяла Ірына.
Напрыканцы сустрэчы моладзь сфатаграфавала кожную сям’ю. Пасля гэтыя здымкі ўставяць у рамкі і падораць сем’ям падчас выпускнога ў Цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі 27 мая. Гэтае дабрачыннае мерапрыемства стала магчымым дзякуючы ўсеагульнай падтрымцы: гаспадары “Каробчыцаў” далі бясплатна месца для адпачынку на акцыю. Валанцёры самі рыхтавалі салодкія пачастункі, па скідках знайшлі прадукты для пікніка, клоун вызваўся выступіць для хворых дзяцей бясплатна.