Skip to main content

Ксёндз Андрэй Скамарошка абараніў доктарскую дысертацыю на тэму евангелізацыйнага вымярэння літургіі ў праваслаўі

skamaroszka 818 лістапада кс. Андрэй Скамарошка, вікарый парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе (Лідскі дэканат), абараніў доктарскую дысертацыю па тэалогіі.

Дысертацыю святар рыхтаваў у Вармінска-Мазурскім універсітэце ў Ольштыне (Польшча), яе назва – “Евангелізацыйнае вымярэнне літургіі Праваслаўнай Царквы”. Ксёндз Андрэй засяроджвае ў ёй увагу на значэнні літургіі ў справе евангелізацыі ў Праваслаўнай Царкве з перспектывы міжканфесійнага супрацоўніцтва ў абвяшчэнні свету Добрай Навіны аб збаўленні.

Тэма дысертацыі базуецца на перакананні, што літургія – цэнтральны элемент евангелізацыйнай місіі праваслаўя. Навуковая праца змяшчае адказ на пытанне, як Праваслаўная Царква выкарыстоўвае літургію для абвяшчэння Евангелля ў сённяшнім свеце. Таксама ў ёй паказана, як літургія ўводзіць людзей у досвед прысутнасці Бога, што ўмацоўвае іх веру і натхняе дзяліцца ёю з іншымі.

Навуковая праца заахвочвае да паглыблення экуменічнага дыялогу і разважання над тым, якія евангелізацыйныя стратэгіі былі б паспяховымі ў кантэксце сучасных выклікаў, маючы на ўвазе літургію як метад выхавання сведкаў Евангелля і будаўніцтва касцёльнай камуніі.

skamaroszka 4

Навуковым кіраўніком у вядзенні даследавання і ў напісанні працы быў а. Рышард Гайдук CSsR.

На абароне дысертацыі прысутнічалі сярод іншых біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, Часовы павераны ў справах Святога Пасаду ў Беларусі кс. прэлат Кшыштаф Сэрока, некалькі прэзбітэраў Гродзенскай дыяцэзіі. Такім чынам, яны першымі маглі павіншаваць новага доктара тэалогіі.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі