7 кастрычніка дзеці Гродзенскай дыяцэзіі ўзялі ўдзел у сусветнай малітоўнай акцыі “Мільён дзяцей моліцца на ружанцы”. Яны далучыліся да акцыі ў шосты раз, а наогул у паўсюдным Касцёле яна прайшла сёлета ў дваццаты раз.
Да акцыі ў гэты дзень далучыліся таксама дзеці ўсіх астатніх дыяцэзій Касцёла на Беларусі.
Дэвізам акцыі ў гэтым годзе сталі словы святой Уршулі Ледухоўскай, заснавальніцы Кангрэгацыі Сясцёр Уршулянак Сэрца Езуса Канаючага: “Ружанец — ланцуг да неба”.
У Каталіцкім Касцёле месяц кастрычнік прысвечаны малітве Ружанца. Акцыю “Мільён дзяцей моліцца на ружанцы” штогод арганізуе Папскі фонд “Дапамога Касцёлу ў патрэбе”. Мэта акцыі – паказаць магутнасць Ружанца, калі яго моляцца дзеці ў інтэнцыі міру ў сваіх сем’ях, сваіх краінах і ўсім свеце; паказаць, што даверлівая малітва дзяцей можа ляцець, як страла, у сэрца Бога і аказваць вялікі ўплыў, змяняць свет, каб ён станавіўся месцам Божай прысутнасці, міру і адзінства.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі