У нядзелю 5 кастрычніка ў парафіі св. Уладзіслава ў Суботніках (Іўеўскі дэканат) адбылася адпустовая ўрачыстасць у гонар Маці Божай Ружанцовай. Успамін Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай адзначаецца ў літургічным календары 7 кастрычніка, наогул кастрычнік прысвечаны ў Каталіцкім Касцёле малітве Ружанца.
Абраз Маці Божай Ружанцовай знаходзіцца ў бакавым алтары касцёла ў Суботніках. Святую Імшу ў межах урачыстасці цэлебраваў па запрашэнні пробашча парафіі кс. Аляксандра Лебядзевіча вікарый парафіі св. Казіміра ў Ліпнішках а. Вітольд Жэльветра OFMCap.
Перад літургіяй можна было прыступіць да сакрамэнту пакаяння і паяднання.
У гаміліі айцец Вітольд адзначыў, што ўсе людзі хочуць быць шчаслівымі, але ніхто ніколі не можа быць шчаслівым без Бога. Таксама ён назваў Імшу самай моцнай малітвай, прывёў шматлікія прыклады, на якіх паказаў важнасць штодзённай малітвы на ружанцы, даў наступную параду: “Вер у Бога, рабі дабро – і будзеш сябрам Бога”.
Урачыстасць аздобіў спевам парафіяльны хор.
У межах свята планавалася працэсія вакол парафіяльнага касцёла з прыпынкамі каля ўмураваных у агароджу каплічак, але з-за дажджу яна была адменена.
Удзельнікі ўрачыстасці памаліліся Ружанец перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, прагучаў гімн “Цябе, Бога, праслаўляем”.
Пробашч падзякаваў айцу Вітольду за супольную малітву і словы навукі.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Людміла Пясецкая