Skip to main content

У Росі прайшла сустрэча назарэтанак Беларускай правінцыі

nazaretanki 14

З 4 па 6 кастрычніка ў рэкалекцыйным доме ў Росі прайшла сустрэча манахінь Беларускай правінцыі Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта.

Сустрэча давала сёстрам назарэтанкам, якія служаць у розных частках Беларусі, магчымасць разам памаліцца і падзяліцца досведам служэння.

Каштоўнымі і карыснымі момантамі сустрэчы ўдзельнікі называюць малітву перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам і анлайн-канферэнцыю, з якой выступіла генеральная асістэнтка кангрэгацыі с. Аліна Фурчык. Тэмай канферэнцыі была малітва на аснове прац благаслаўлёнай Францішкі Сядліскай – заснавальніцы Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта.

У канцы сустрэчы настаяцельніца Беларускай правінцыі кангрэгацыі с. Філатэя Ціхановіч разаслала назарэтанак на служэнне, сімвалічна ўручыўшы ім свечкі, каб яны неслі святло паўсюль, куды іх пасылае Бог.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі