Апублікавана пасланне Папы на 40-ы Сусветны дзень моладзі. Пантыфік запрашае юнакоў і дзяўчат быць мужнымі сведкамі Хрыста ў свеце.
“Сведчыце, бо вы ад пачатку са Мною” (Ян 15, 27) - гэтыя словы з Евангелля святога Яна сталі тэмай першага паслання Льва XIV, прымеркаванага да 40-га Сусветнага дня моладзі. Ён будзе адзначацца на дыяцэзіяльным узроўні 23 лістапада 2025 года, ва ўрачыстасць Хрыста, Валадара Сусвету. Пасланне з’яўляецца часткай падрыхтоўкі да міжнароднай сустрэчы моладзі, якая пройдзе ў Сеуле ў 2027 годзе.
Святы Айцец падкрэслівае, што хрысціянскае сведчанне нараджаецца з сяброўства з Панам. Гэта не ідэалагічная прапаганда, а сапраўдны прынцып унутранага пераўтварэння і сацыяльнай свядомасці. Езус назваў сваіх вучняў “сябрамі”, і менавіта з радаснай навізны гэтага сяброўства спантанна нараджаецца сведчанне. У якасці прыкладаў Папа прыводзіць постаці “ўмілаванага вучня” і Яна Хрысціцеля.
З сяброўства з Хрыстом, паводле Святога Айца, вынікае пакліканне станавіцца місіянерамі ў свеце. Леў XIV заклікае маладых людзей быць побач са сваімі аднагодкамі, якія пакутуюць ад насілля, вымушанай міграцыі, адсутнасці адукацыі і іншых цяжкасцей. Ён нагадвае, што сведчанне можа сутыкнуцца з непрыняццем і нават пераследам, але заклікае не дазваляць злу перамагчы сябе, але перамагаць зло дабром.
Плён сяброўства з Хрыстом – гэта братэрства, якое перамагае абыякавасць, будуе сувязі і заахвочвае да сумеснай працы дзеля справядлівасці. Пантыфік заклікае юнакоў і дзяўчат станавіцца “актыўнымі будаўнікамі міру”.
У завяршэнне свайго паслання Святы Айцец запрашае маладых людзей давяраць сябе Марыі, Маці, якую Езус даў кожнаму вучню з крыжа, і развіваць гэтую сувязь, у прыватнасці, праз малітву на Ружанцы.