4 кастрычніка, ва ўспамін св. Францішка Асізскага, у парафіі св. Яна Хрысціцеля ў Гальшанах (Ашмянскі дэканат), дзе служаць францішкане, адбыўся сакрамэнт канфірмацыі, які ўдзяліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.
Пробашч а. Багуслаў Вуйтовіч OFMConv, міністранты і парафіяне сустрэлі біскупа ля касцёльнай брамы. У Імшы, на якой адбылася канфірмацыя, удзельнічалі святары Ашмянскага і суседніх дэканатаў, мясцовыя вернікі і госці.
Разважаючы ў гаміліі над словамі літургічнага чытання, у якіх апостал кажа: “Няхай мне не давядзецца хваліцца нічым, акрамя крыжа Пана нашага Езуса Хрыста, праз якога свет укрыжаваны для мяне, а я – для свету” (Гал 6, 14), біскуп адзначыў: “Вось праўдзівае хрысціянскае жыццё: не хваліцца сабой, сваімі поспехамі, а знайсці гонар у крыжы Хрыста. Мы жывём у свеце, дзе людзі ганарацца тым, што маюць: адукацыяй, працай, грашыма, аўтамабілямі, дамамі. Але Павел гаворыць нам, што сапраўдная хвала верніка — гэта крыж”.
Біскуп падкрэсліў, што гэта яскрава праявілася ў жыцці святога Францішка: “Ён быў сынам багатага гандляра, меў усё, што патрэбна для свецкага поспеху, але калі адкрыў для сябе крыж Езуса, калі ўбачыў, што сапраўднае багацце — гэта жыць для Бога і для іншых, усё пакінуў і выбраў дарогу ўбоства, пакоры і любові. Ён адмовіўся ад усяго, каб абняць крыж Хрыста. Ён бачыў у крыжы не трагедыю, а знак любові і надзеі. І менавіта таму яго жыццё стала святлом для іншых”.
“Святы Францішак стаў “маленькім” — ён прыняў жыццё ў беднасці, даверыўся Богу, як дзіця, – дадаў біскуп. – Ён быў чалавекам, які ўмеў глядзець на свет вачыма дзіцяці: простымі, чыстымі, поўнымі здзіўлення перад прыгажосцю Божага стварэння. Ён бачыў у сонцы, у месяцы, у птушках і звярах не толькі прыродныя з’явы, але таксама Божы дар і Божую прысутнасць”.
Нагадваючы словы Езуса Хрыста: “Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас” (Мц 11, 28), іерарх сказаў: “Для святога Францішка гэтыя словы былі крыніцай сілы. Ён прыняў цяжкі крыж хваробы, беднасці і адкінутасці, але менавіта ў Хрысце знайшоў супакой і радасць. Колькі сёння стомленых людзей – стомленых ад праблем сямейных, ад цяжару працы, ад хваробаў, ад няпэўнасці будучыні! Колькі моладзі стомлена ад страху перад экзаменамі, ад пытанняў пра жыццё, ад залежнасці ад інтэрнэту, сацсетак! Езус хоча сказаць кожнаму: “Я — твой супакой”.
Звяртаючыся да тых, хто прыступаў да канфірмацыі, біскуп назваў “праграмай жыцця” для іх словы Езуса з літургічнага чытання: “Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам, і знойдзеце спакой для сваіх душаў” (Мц 11, 29). Нагадваючы, што ў канфірмацыі чалавек атрымлівае дар Святога Духа, іерарх адзначыў: “Памятайце: гэта не дар “для сябе”, каб проста быць “пабожным”. Гэта дар для місіі. Вы — пакліканыя быць вучнямі і сведкамі. Як святы Францішак быў сведкам Евангелля ў свае часы, так і вы павінны быць сведкамі ў XXI стагоддзі, у Гальшанах, у Беларусі, там, дзе вас паставіў Бог”.
Па словах біскупа, свет так любіць Францішка Асізскага таму, “што ён жыў проста і чыста, як Евангелле”, “не баяўся выглядаць “неразумным” у вачах людзей, бо яго сэрца належала Хрысту”. “Ён навучыў нас бачыць у кожным чалавеку брата і сястру. Ён называў сонца — братам, месяц — сястрой, усё стварэнне — сям’ёй. Але гэта не была толькі паэзія. Гэта быў глыбокі вопыт веры: калі Бог стварыў усё, то ўсё — святое. І чалавек таксама. Францішак паказвае нам, што святасць — не толькі для манахаў ці святароў. Святасць — гэта заклік для ўсіх. Ён пражыў сваё жыццё ў поўнай адданасці Хрысту і сваім братам, асабліва бедным і хворым”, – патлумачыў іерарх.
“Вы жывяце ў ХХІ стагоддзі, у свеце тэхналогій і глабалізацыі. Але выклік перад вамі той самы, што і перад Францішкам: ці здолееце вы выбраць Хрыста як найбольшую каштоўнасць? Ці зможаце адмовіцца ад ілюзій гэтага свету, які абяцае лёгкае шчасце, і абраць шлях крыжа — шлях любові, служэння і ахвяры?” – сказаў біскуп канфірмаваным.
“Свет стаміўся ад гвалту, нянавісці і падзелаў. Ён прагне людзей, якія жывуць простай верай, якія нясуць супакой, радасць і любоў, – дадаў іерарх. – Сёння вы становіцеся сведкамі Хрыста. Не бойцеся. Святы Францішак паказаў, што нават адзін чалавек, калі поўнасцю аддае сябе Богу, можа змяніць увесь свет”.
Урачыстасць завяршылася эўхарыстычнай працэсіяй вакол парафіяльнага касцёла і мясцовага кляштара, прагучаў гімн “Цябе, Бога, праслаўляем”.
Вернікі, якія прыступілі да канфірмацыі, падзякавалі біскупу за ўдзяленне сакрамэнту, дэкану Ашмянскага дэканату кс. Паўлу Раманоўскаму – за падтрымку на экзамене перад канфірмацыяй, свайму пробашчу а. Багуславу Вуйтовічу – за падрыхтоўку іх да гэтай падзеі і за штодзённы прыклад веры.
Біскуп у заключным слове заклікаў канфірмаваных прыглядацца да крыжа, паглыбляць сяброўства з Хрыстом і не збочваць са шляху веры.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Людміла Пясецкая