Дарагія браты і сёстры ў Хрысце!
Ёсць словы, якія ніколі не страчваюць сваёй сілы: “маці”, “бацька”, “сям’я”. Гэтыя словы – як малітва, як карані, якія трымаюць нас у жыцці. Без іх чалавек становіцца нібы дрэва без глебы, без памяці і без будучыні.
Тыдзень бацькоўскай любові, які ў гэтым годзе мы адзначаем з 13 па 26 кастрычніка, – не проста час для ўдзячнасці; гэта нагода вярнуцца да сябе, згадаць, адкуль мы прыйшлі, хто нас навучыў любіць і маліцца і каму мы павінны быць удзячныя за дар жыцця.
Любоў бацькоў – святло, якое не знікае нават пасля смерці. Маці, якая малілася за дзіця ўначы, і бацька, які працаваў для дабра сям’і, часта не ўсведамляюць, што іх маленькія ўчынкі становяцца вялікімі ў Божых вачах. Гэта святло гарыць не на сцэне – яно гарыць у цішыні. І калі ў жыцці надыходзіць цемра, мы часта ўспамінаем менавіта гэта святло: “мама так сказала”, “тата так рабіў”, “у сям’і нас вучылі так жыць”. У гэтым і ёсць святое сакрамэнтальнае вымярэнне сям’і – Бог дзейнічае праз любоў бацькоў.
Маці – гэта сэрца, якое заўсёды б’ецца для ўсіх. Бацька – гэта падмурак, які нябачна трымае дом. Калі сэрца і падмурак у адзінстве – сям’я трывалая, нават калі вакол віхры і штормы. Маці – гэта першая катэхетка, якая вучыць дзіця маліцца. Бацька – першы сведка веры, які вучыць быць мужным і справядлівым. І таму, калі Касцёл шануе маці і бацьку, ён шануе саму таямніцу жыцця, бо праз іх Бог прыходзіць у гэты свет.
Кожнае дзіця – жывы доказ таго, што Бог яшчэ не стаміўся любіць свет. Дзеці – не ўласнасць, а Божы дар. Іх прысутнасць вучыць бацькоў бескарыслівай любові. Яны нагадваюць, што сапраўднае багацце – не ў тым, што мы маем, а ў тым, каго мы любім. У сучасным свеце, дзе шмат шуму і тэхналогій, дзецям патрабуюцца не толькі гаджэты, але і жывая любоў і ўвага. І таму гэты Тыдзень бацькоўскай любові – таксама заклік зноў адкрыць радасць простага сямейнага часу: разам маліцца, разам есці, разам смяяцца. Такія хвіліны становяцца святымі.
Не ўсе сем’і ідуць лёгкім шляхам. Ёсць бацькі, якія выхоўваюць дзяцей у адзіночку. Ёсць маці, якія страцілі сваіх дзяцей. Ёсць сем’і, дзе няма паразумення і дзе пануюць боль і маўчанне. Але нават у гэтым болі прысутнічае Бог. Божая любоў не адкідвае тых, хто пакутуе, – яна ўмацоўвае і аздараўляе. Няхай гэты Тыдзень бацькоўскай любові будзе таксама часам суцяшэння для тых, хто перажывае цяжкасці ў сям’і. Бог заўсёды знаходзіць шлях, каб узняць і ўмацаваць сэрца, калі яно адкрытае для Яго.
Калі мы глядзім на гісторыю нашай Бацькаўшчыны, то бачым, што Беларусь – гэта зямля малітвы маці. Колькі пакаленняў жанчын маліліся за сваіх дзяцей, калі мужы баранілі Радзіму, калі сыны гінулі на вайне, ахвяруючы жыццё за мір і свабоду, калі цяжкія часы спрабавалі разбурыць веру. І менавіта гэтыя мацярынскія слёзы і Ружанцы захавалі дух нашай краіны.
Таму я веру, што будучыня Беларусі будзе такой, наколькі верныя Богу будуць мацярынскае і бацькоўскае сэрцы. Няхай наш народ заўсёды памятае, што сапраўдная сіла пачынаецца ў сям’і – каля крыжа, каля сямейнага стала, у супольнай малітве.
Дарагія браты і сёстры!
На гэтым Тыдні бацькоўскай любові заклікаю ўсіх вернікаў: маліцеся за сваіх бацькоў – жывых няхай Бог благаславіць, а памерлых прыме ў сваё Валадарства; дзякуйце ім не толькі словамі, але і ўчынкамі: дапамагайце, падтрымлівайце, дзяліцеся часам і ўвагай; навучайце дзяцей шанаваць сваіх бацькоў, бо чацвёртая запаведзь – гэта запавет любові: “Шануй бацьку свайго і маці сваю, каб доўга жыць на зямлі” (Зых 20, 12).
Няхай гэты Тыдзень бацькоўскай любові стане святам сэрца і прынясе веру ў будучыню. Няхай ён прынясе ў кожную сям’ю супакой, цеплыню і радасць. Памятайце: любоў – гэта не словы, а прысутнасць. І Бог заўсёды прысутнічае там, дзе любяць.
Ад усяго сэрца благаслаўляю ўсіх бацькоў і дзяцей, усе беларускія сем’і – каб яны былі жывымі святынямі любові, дзе пануе Хрыстус, а Маці Божая ахінае плашчом сваёй апекі.
Ваш біскуп Уладзімір
Гродна, 7 кастрычніка 2025 года, успамін Маці Божай Ружанцовай