Skip to main content

Пастарал першага біскупа Гродзенскай дыяцэзіі стане сімвалам перадачы ўлады

pastoral 1Знакам пастырскай улады кожнага біскупа з’яўляецца пастарал – аздоблены посах з закручаным верхам.

Задача прызначанага біскупа – быць пастырам для даручанай яму аўчарні. Пастарал, разам з мітрай, пярсцёнкам і нагрудным крыжам, – знешні знак пастырскай улады, якой ад імя Святога Айца валодае біскуп на тэрыторыі сваёй дыяцэзіі, ахоўваючы яе і ведучы сваіх авечак, як добры пастыр.

У многіх дыяцэзіях Каталіцкага Касцёла ў розных краінах існуе звычай, што калі прызначаецца новы ардынарый, падчас інгрэсу – яго ўрачыстага ўваходу ў катэдру – яму ўручаецца найстарэйшы з пастаралаў, якія ёсць на тэрыторыі гэтай дыяцэзіі. Гэта сімвал пераемнасці і перадачы ўлады над дадзейнай супольнасцю вернікаў.


pastoral 2


Гродзенская дыяцэзія была ўтворана ў 1991 г., а яе першым біскупам стаў Аляксандр Кашкевіч. У нашым мясцовым Касцёле будзе ўведзены звычай перадачы чарговаму дыяцэзіяльнаму біскупу пастарала самага першага біскупа.

Такім чынам, у дзень інгрэсу біскупа Гродзенскага Уладзіміра Гуляя – яго ўрачыстага ўваходу ў катэдру св. Францішка Ксаверыя – першы ардынарый дыяцэзіі біскуп Аляксандр Кашкевіч, які пакінуў гэтую пасаду, перадасць яму свой пастарал, які атрымаў у падарунак ад духавенства і вернікаў дыяцэзіі з нагоды 25-годдзя святарства. Гэта будзе сімвалам пераемнасці ад першага ардынарыя да цяперашняга.


pastoral 3


На гэтым пастарале, які спраектаваў і зрабіў польскі скульптар прафесар Вінцэнт Куцьма, выяўлены герб Гродна – біскупскай сталіцы. Таксама на ім знаходзяцца гербы біскупа Аляксандра Кашкевіча і Папы Яна Паўла ІІ, які паклікаў да існавання Гродзенскую дыяцэзію і прызначыў яе першага біскупа. Акрамя таго, на пастарале напісаны на лаціне дэвіз біскупа Кашкевіча: “Jesu, in te confido” (“Езу, давяраю Табе”). Пастарал увянчаны выявай Езуса Міласэрнага.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

 

Рэдагавана: 04 Лістапада 2024