Адзінства, евангелізацыя і міласэрнасць – рэчы, на якія хоча звярнуць увагу ў сваім пастырскім служэнні ў Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.
26 кастрычніка адбыўся інгрэс іерарха – яго ўрачысты ўваход у катэдру св. Францішка Ксаверыя ў Гродне ў якасці новага дыяцэзіяльнага біскупа. З гэтага моманту афіцыйна распачалося яго служэнне ў мясцовым Касцёле.
На ўрачыстай Імшы біскуп прамовіў гамілію, у якой акрэсліў праграму свайго служэння Касцёлу на Гродзеншчыне:
Умілаваныя ў Хрысце Пану, браты і сёстры! Дарагія дыяцэзіяне!
З вялікай узрушанасцю стаю перад вамі, каб прывітаць вас словамі св. Паўла: “Ласка Пана нашага Езуса Хрыста з духам вашым, браты!” (пар. Гал 6, 18). З гэтым прывітаннем стаю перад вамі як ваш брат, бо я ж ад нараджэння звязаны з гэтай зямлёй і з Касцёлам на Гродзеншчыне. Гэты Касцёл мяне нарадзіў. Тут я ўзрастаў у веры і вучыўся любові да Бога, да іншага чалавека, да лясоў і палёў з прыдарожнымі крыжамі і каплічкамі, любові да старажытнага Гродна з яго духоўным і мастацкім багаццем, да нашых гарадоў і вёсак з іх традыцыямі.
Брат і пастыр
Сёння стаю перад вамі як ваш брат, але таксама з волі Езуса Хрыста як пастыр. Гэтае служэнне мне даручыў наш Папа Францішак, які прызначыў мяне біскупам Гродзенскім. У гэтую асаблівую хвіліну хачу выразіць яму ўдзячнасць, адданасць і поўную паслухмянасць.
Першы этап гэтага літургічнага сходу меў месца пры ўваходзе ў нашу гродзенскую катэдру. Калі я ўваходзіў у яе дзверы, у мяне было адчуванне незвычайнай святасці гэтага месца. Сёння мы стаім у сценах гэтай цудоўнай святыні, якая стагоддзямі была сведкай гісторыі гэтай зямлі і веры нашага народа. Яе сцены бачылі хвіліны трыумфу, але таксама пакутаў і выпрабаванняў. З моманту свайго паўстання гэтая катэдра стала не толькі сімвалам духоўнага цэнтра дыяцэзіі, але і знакам надзеі і трываласці Касцёла на гэтай зямлі.
Як біскуп гэтай дыяцэзіі хачу падкрэсліць, наколькі катэдра важная для нас. Гэта тут мы збіраемся на найважнейшыя ўрачыстасці, гэта тут моц сакрамэнтаў сыходзіць на ўвесь мясцовы Касцёл. Наша катэдра – знак адзінства дыяцэзіяльнай супольнасці, месца сустрэчы неба з зямлёй, дзе Хрыстус, прысутны ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, становіцца для нас пасілкам на жыццё вечнае.
Тут, у нашай катэдры, сёння здзейсніўся мой шлюб з дыяцэзіяй – Касцёлам на Гродзеншчыне. З велізарнай узрушанасцю я пацалаваў алтар, просячы Езуса, Добрага Пастыра, які працягвае прыносіць там сябе ў ахвяру Айцу, каб прыгарнуў мяне да свайго Сэрца. Я сеў на кафедры – месцы, з якога біскуп навучае, – з усведамленнем, што павінен быць верным і руплівым слугой Слова, жывым “знакам прысутнасці ў Касцёле Езуса Настаўніка” (“Устаньце, хадзем!”, 39).
Таксама я атрымаў пастарал, “знак улады, якая належыць біскупу для выканання задачы апекі над аўчарняй” (“Устаньце, хадзем!”, 43). Гэта вялікая прывілея, што магу карыстацца пастаралам, які ў час літургіі ўручыў мне першы біскуп Гродзенскі, Яго Эксцэленцыя Аляксандр Кашкевіч. Гэты знак падкрэслівае пераемнасць пастырства ў Касцёле на Гродзеншчыне.
Усведамляю, што тое, што здзейснілася ў нашай катэдры, – гэта афіцыйнае ўступленне ў святы шэраг біскупаў Гродзенскіх, які пачаўся ў 1991 г., з хвілінай утварэння дыяцэзіі. З волі Святога Айца Францішка я павінен быць чарговым звяном гэтага больш чым 33-гадовага ланцуга апостальскай пераемнасці ў Касцёле на Гродзеншчыне. Прашу вас, маліцеся, каб я быў “звяном моцным” (пар. “Устаньце, хадзем!”, 37).
Добры Пастыр – узор для біскупа
Сёння хачу сузіраць з вамі вобраз Хрыста Добрага Пастыра, каб лепш зразумець, кім з’яўляецца біскуп і якая яго місія ў Касцёле.
У сваім служэнні як біскупа я глыбока ўсведамляю сваю адказнасць як пастыра, пакліканага служыць вернікам і любіць іх. Хачу грунтаваць сваё служэнне на прыкладзе Езуса Хрыста, Добрага Пастыра. Ён кажа: “Я – добры пастыр: добры пастыр аддае сваё жыццё за авечак” (Ян 10, 11). Гэтыя словы з’яўляюцца для мяне кірункам. Таму ўсведамляю, што мая місія – не проста адміністратыўная або арганізацыйная, яна патрабуе ад мяне адданасці, ахвярнасці і сапраўднай любові да людзей, даручаных мне.
Згодна са словамі Збаўцы, хачу ведаць сваіх вернікаў, быць побач з імі ў іх паўсядзённым жыцці, дзяліць іх радасці і клопаты. Як сказаў Хрыстус: “Я ведаю Сваіх, і Мае ведаюць Мяне” (Ян 10, 14). Гэта азначае, што маё пакліканне заключаецца не толькі ў тым, каб вучыць або кіраваць, але і ў тым, каб быць побач з кожным чалавекам, ведаючы яго боль і патрэбы. Прымаю гэта як выклік, які ставіць перада мной сам Хрыстус, каб я быў пастырам, які пахне авечкамі, які блізкі да людзей і іх жыццёвых абставін.
Яшчэ адна ключавая рыса, на якую хачу абапірацца ў сваім служэнні (і аб такой ласцы пакорна прашу Бога), – дух служэння, згодна са словамі Езуса: “Сын Чалавечы прыйшоў не для таго, каб Яму служылі, а каб служыць” (Мц 20, 28). Сёння яшчэ мацней усведамляю, што біскупская місія – гэта пакорнае служэнне. Гэта не ўлада ці прэстыж, не амбіцыі, гэта пакліканне да таго, каб быць побач з маёй паствай у пакоры і любові. Хрыстус даў нам прыклад, калі абмыў ногі сваім вучням, паказаўшы, што найвышэйшай уладай з’яўляецца ўлада любові, якая праяўляецца ў служэнні (Ян 13, 1-17).
Любоў – гэта Імя Бога! Гэта сэрца і майго служэння. Святы Павел нагадвае: “Любоў доўгацярплівая, любоў міласэрная, не зайздросціць, не ўзвышаецца” (1Кар 13, 4). Гэта тая любоў, якая павінна быць бачнай у маім стаўленні да вернікаў. Мая адказнасць – у тым, каб любіць кожнага чалавека, незалежна ад таго, у якіх абставінах ён апынуўся, разумець і падтрымліваць, праяўляць цярплівасць і міласэрнасць. Таму прашу вас, браты і сёстры, маліцеся за мяне, каб усе мае дзеянні былі ўкаранёныя ў любові Хрыста, якая з’яўляецца бясконцай і безумоўнай.
Вядома, маё служэнне не ізаляванае. Кожны біскуп пакліканы дзейнічаць у адзінстве з Духам Святым і супольнасцю Касцёла. Як кажа нам Святое Пісанне: “Дух Святы паставіў вас біскупамі, каб вы пасвілі Касцёл Божы” (Дз 20, 28). З першых хвілін майго біскупскага служэння імкнуся быць адкрытым на Божае кіраўніцтва, каб распазнаць, як найлепш накіроўваць маю дыяцэзію, адказваць на патрэбы сучаснага свету і падтрымліваць адзінства ў веры і любові.
Быць біскупам азначае таксама асаблівую адказнасць за тых, хто згубіўся, аддаліўся ад Касцёла ці перажывае цяжкасці. Хрыстус кажа пра пастыра, які пакідае дзевяноста дзевяць авечак, каб знайсці адну згубленую (Лк 15, 4-7). Кожная душа мае невымерную каштоўнасць, і мой абавязак – шукаць тых, каму патрэбна дапамога, і весці іх назад у супольнасць з любоўю і разуменнем.
Такім чынам, разумею, што мая місія як біскупа – гэта не проста кіраванне, а перш за ўсё любоў, ахвярнасць і пастаянная прысутнасць побач з маімі вернікамі. Хачу быць пастырам, які, як Езус Хрыстус, аддае сваё жыццё за сваю паству, жыве для таго, каб служыць, і любіць кожнага чалавека, даручанага яго апецы. Маё сэрца адкрыта для ўсіх, і я прашу Бога даць мне сілы і мудрасці заўсёды выконваць гэта служэнне з пакорай, любоўю і адданасцю.
Праграма служэння – адзінства, евангелізацыя і міласэрнасць
На пачатку свайго пастырскага служэння, гледзячы на гады, якія за намі, і думаючы аб тым, што Бог нам падрыхтаваў, давяраючы Божаму Провіду, нясмела стаўлю пытанне: Якім чынам мы павінны разам (як адна сям’я) працягваць распачатую Хрыстом Божую справу? Як працягваць тое, да чаго сёння Хрыстус запрашае кожнага з нас, каб усё не скончылася ўрачыстым інгрэсам? Гэта не што іншае, як пытанне аб душпастырскай праграме Касцёла на Гродзеншчыне на бліжэйшыя гады.
Разважаючы аб гэтым, прыгадваю словы св. Яна Паўла ІІ, які пераконвае, што “не трэба […] вышукваць “новай праграмы”. Праграма ўжо існуе: яна тая самая, што і заўсёды, якая паходзіць з Евангелля і жывой традыцыі. Гэтая праграма сканцэнтравана каля самога Хрыста, якога мы павінны пазнаваць, любіць і наследаваць, […] i з Ім перамяняць гісторыю” (Ян Павел II, Novo millennio ineunte, 29).
Каб мы верна выконвалі гэтую місію, нам патрэбны адзінства і дыялог. Будзем жа будаваць адзінства паміж сабой, рэалізуючы словы Збаўцы: “каб усе былі адно, як Ты, Ойча, ува Мне, а Я ў Табе” (Ян 17, 21). Будзем падтрымліваць экуменічны і міжрэлігійны дыялог, каб наша дыяцэзія была месцам міру і ўзаемнай павагі.
Яшчэ адной задачай на дарозе нашага перамянення і аднаўлення з’яўляецца евангелізацыя. “Гора мне, калі я не абвяшчаю Евангелля!” (1Кар 9, 16) – кажа св. Павел. Наш нязменны абавязак – несці Хрыста ўсім, асабліва маладым. Мы павінны шукаць новыя шляхі дасягнення людзей маладых і не толькі, каб кожны мог адкрыць, што Хрыстус – адказ на іх найглыбейшыя жаданні.
I ўрэшце – міласэрнасць і салідарнасць. Папа Францішак вучыць нас, што Касцёл павінен быць “палявым шпіталем”. Працягваючы справу, распачатую маім шаноўным папярэднікам (біскупам Аляксандрам), хачу, каб наша дыяцэзія і далей заставалася месцам, дзе Божая міласэрнасць знаходзіць канкрэтныя выразы ў клопаце аб бедных, тых, хто пакутуе, згубленых і самотных.
У такім ключы хачу разам з вамі працягваць напісанне гісторыі Касцёла на гродзенскай зямлі. Будучыня яго будзе добрай, калі без увагі на абставіны мы здолеем пісаць яе разам з Богам і разам у супольнасці святароў, кансэкраваных асобаў і свецкіх католікаў. У гэтай справе мы мусім быць вельмі патрабавальнымі, пачынаючы ад сябе. У гэтыя складаныя часы не вытрывае каталіцызм палавінчаты, які стараецца падабацца зменлівым поглядам людзей ХХІ стагоддзя. Вытрывае толькі каталіцызм поўны, аўтэнтычны, евангельскі, звышнатуральны. Такой пазіцыі патрабуе ад нас Хрыстус. На такой пазіцыі непарушна прабывалі пакаленні вернікаў перад намі. Сёння мы адказныя за лёсы нашага Касцёла. Як заўсёды нагадвае нам наш Мітрапаліт арцыбіскуп Юзаф: “У гэты час Бог выбраў нас!”
Sursum corda
Усведамленне, што, распачынаючы служэнне біскупа Гродзенскага, я прымаю вялікую духоўную спадчыну, не ўтойваю, напаўняе мяне бояззю. З трапятаннем сэрца я пытаюся ў сябе, ці адпавядаю гэтай задачы, ці не перавышае яна мае сілы. Суцяшае мяне вера, што Бог, вызначаючы чалавеку задачы, дае яму дастатковыя ласкі, каб ён мог іх выканаць. Таму сапраўдным суцяшэннем для мяне з’яўляюцца словы майго Пана і Бога: “Раней, чым сфармаваў цябе ва ўлонні, Я пазнаў цябе, і раней, чым ты выйшаў з улоння, Я асвяціў цябе (...) Не кажы: “я дзіця”, бо да ўсіх, да каго Я пашлю цябе, пойдзеш, і ўсё, што загадаю табе, скажаш. Не бойся іх, бо Я з табою, каб ратаваць цябе. І выцягнуў Пан руку сваю, і дакрануўся да вуснаў маіх, і сказаў мне Пан: Вось Я ўклаў словы Мае ў вусны твае”.
Таму гэтае пастырскае служэнне, якое сёння ўрачыста распачынаю, хачу ўзяць на сябе ў духу поўнага даверу Божай дапамозе. Натхнення мне дадаюць таксама словы, змешчаныя пры ўваходзе ў нашу катэдру: Sursum corda! — Угору сэрцы! Глыбока веру, што Хрыстус, які нясе крыж, паглядзіць і на мяне з любоўю, і мне таксама скажа: Sursum corda! — Угору сэрцы! Адвагі! Не бойся, Я з табой! Хопіць табе Маёй ласкі, бо моц удасканальваецца ў слабасці. Вядзі Мой умілаваны Касцёл на Гродзеншчыне дарогамі збаўлення, дарогамі Праўды, Справядлівасці, Любові і Міру!
Заканчэнне
Гродзенская зямля – гэта цудоўная спадчына духу і хрысціянскай культуры, запісаная ў людзях і незлічоных помніках даўніны. Таксама гэта канкрэтнае цяперашняе жыццё сённяшніх жыхароў гэтай зямлі. Цяжкае жыццё на цудоўнай зямлі. Перад вамі і разам з вамі я прымаю сёння пастырскую адказнасць за заключаную ў матэрыі духоўную спадчыну гэтай зямлі і за даручаны мне Божы народ. Веру, што Найвышэйшы Пастыр, Езус Хрыстус, які да гэтай задачы мяне паклікаў і паслаў, дасць мне сваю моц па меры задач, якія будуць ставіцца перада мною. Веру, што на гэтай дарозе для мяне і для ўсіх нас Апякункай і Памочніцай будзе Беззаганная Марыя.
Няхай Яна, Маці Міласэрнасці, і ўсе нашыя святыя апекуны: св. Казімір, св. Максімільян Марыя Кольбэ, благаслаўлёныя сёстры назарэтанкі з Навагрудка, бл. Генрых Глябовіч, бл. Мар’яна Бярнацкая і бл. Цэліна Бажэнцкая, якую сёння ў літургіі Касцёла ўспамінаем, – заступаюцца перад Богам за нас.
Амэн.
Фота: Аляксандра Шчыглінская