5 кастрычніка, ва ўспамін св. Фаўстыны Кавальскай, у Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне ўрачыста распачаўся навучальны год.
Цырымонія адбылася ў зале св. Яна Паўла ІІ, яе ўзначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. У ёй удзельнічала кіраўніцтва, выкладчыкі і іншыя супрацоўнікі семінарыі, святары, законныя сёстры, семінарысты і іх блізкія.
У прывітальным слове біскуп Гродзенскі назваў семінарыю “не проста навучальнай установай, а духоўным асяродкам, дзе кожны з нас можа глыбей асэнсаваць сваё пакліканне і ўзрасці ў служэнні Богу і людзям”, а вучобу ў ёй – “не проста засваеннем ведаў, а шляхам фарміравання сэрца і духу”.
Іерарх нагадаў семінарыстам, што, хоць глыбокая тэалагічная адукацыя – аснова для будучых святароў, ім вельмі важна “навучыцца адчуваць і разумець патрэбы іншых, быць чулымі да болю і радасці сваіх блізкіх”. Ён падкрэсліў, што сённяшняму свету, “складанаму і часта блытанаму”, патрэбны “сапраўдныя душпастыры, здольныя несці святло веры і мудрасць”.
Выкладчыкам ён нагадаў, якая вялікая адказнасць ляжыць на іх плячах, бо яны не толькі вучаць семінарыстаў, але і фарміруюць іх сэрцы і душы, паказваюць ім, “што святарства – шлях любові і служэння, які патрабуе адданасці, мудрасці і веры”.
Біскуп адзначыў, што ў семінарыі студэнты ўваходзяць “у свет больш глыбокага духоўнага разумення”, у якім кожнае іх дзеянне, слова і ўчынак маюць значэнне, могуць узрушыць сэрцы людзей. Ён дадаў, што шлях семінарыстаў “не будзе простым, але будзе поўны сэнсу і духоўнага задавальнення”. Іерарх пажадаў, каб стараннасць у вучобе дапамагла ім “стаць добрымі пастырамі, здольнымі весці людзей да святла веры і праўды”, і каб новы навучальны год прынёс ім новыя магчымасці для духоўнага і інтэлектуальнага росту. Усім іншым прысутным, асабліва родным семінарыстаў, ён падзякаваў за падтрымку і малітвы, якія спрыяюць пакліканню будучых святароў.
Прэфект семінарыі кс. Ян Раманоўскі прадставіў справаздачу за мінулы навучальны год, у межах якога семінарыстам прапаноўваліся насычаная адукацыйная праграма і душпастырскія практыкі.
Па традыцыі адбылася лекцыя на пачатак навучальнага года, з якой сёлета выступіў Часовы павераны ў справах Святога Пасаду ў Беларусі кс. прэлат Кшыштаф Сэрока.
У лекцыі ён між іншым падзяліўся ўласным досведам, кажучы пра тое, што месца і час нараджэння выбірае не сам чалавек, а Божы Провід, нярэдка ведучы чалавека ў такія месцы, пра якія той нават не думаў. Прадстаўнік Апостальскай нунцыятуры распавёў, што, калі вучыўся ў семінарыі, не ўяўляў, што будзе працаваць у структурах Ватыкана і ад імя Папы служыць у розных частках свету. Пасля некалькіх гадоў працы ў сваёй дыяцэзіі ён быў накіраваны на вучобу ў Рым, скончыў Папскую касцёльную акадэмію, якая рыхтуе ватыканскіх дыпламатаў. Святар быў сакратаром нунцыятуры ва Угандзе, а цяпер ужо больш за год служыць у Беларусі.
У канцы ўрачыстай цырымоніі біскуп Гродзенскі і рэктар семінарыі ўручылі студэнтам першага курса залікоўкі.
Затым у катэдры св. Францішка Ксаверыя адбылася святая Імша, на якой студэнты трэцяга курса семінарыі ўпершыню надзелі духоўную вопратку – сутаны.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Станіслаў Бервячонак