5 кастрычніка, ва ўспамін св. Фаўстыны Кавальскай, чацвёра студэнтaў трэцяга курса Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне ўпершыню надзелі духоўную вопратку – сутаны.
Урачыстая Імша, на якой быў здзейснены абрад ускладання сутан, цэлебравалася ў гродзенскай катэдры св. Францішка Ксаверыя. У ёй удзельнічалі мадэратары семінарыі на чале з рэктарам ксяндзом канонікам Віталіем Вайцяхоўскім, семінарысты і іх блізкія. Падтрымаць малітвай студэнтаў, якія рыхтуюцца да святарства, прыйшлі вернікі розных парафій.
Узначаліў цэлебрацыю і здзейсніў благаслаўленне сутан біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.
У гаміліі ён сказаў пра гэтую падзею так: “Мы стаім перад таямніцай, у якой Бог кліча маладых людзей стаць Яго слугамі ў свеце, і вы, дарагія семінарысты, праз атрыманне сутаны даеце публічны знак гэтага паклікання. Гэта асаблівы момант вашай фармацыі, бо вы ўступаеце на новую дарогу, якая яшчэ больш наблізіць вас да рэалізацыі Божага плану ў вашым жыцці”. Біскуп дадаў, што, надзеўшы сутаны, семінарысты ўваходзяць у глыбейшыя адносіны з Хрыстом і ўступаюць у новы этап фармацыі, які падкрэслівае іх прыналежнасць Хрысту відавочным чынам; сутана з’яўляецца знакам іх адданасці Богу і сведчаннем для іншых, не проста знешнім сімвалам, а абавязацельствам жыць у адпаведнасці з вучэннем Езуса.
Іерарх назваў сутану знакам таго, што яны выбіраюць Бога, штодзённым напамінам, што “мы належым не гэтаму свету, а Хрысту”. Сімволікай абраду ўскладання сутан ён назваў “духоўную перамену, свайго роду смерць для каштоўнасцяў гэтага свету і нараджэнне да новага жыцця ў Хрысце”. “Чорны колер гэтай вопраткі нагадвае пра наша жаданне адрачыся ад матэрыяльных рэчаў гэтага свету, каб поўнасцю засяродзіцца на тым, што Божае”, – патлумачыў ён. Акрамя таго, заўважыў біскуп, сутана – знак пакоры, яна сведчыць, што той, хто яе носіць, згодны быць слугой, бо і Хрыстус, Божы Сын, прыйшоў у свет як слуга.
Іерарх адзначыў, што фармацыя ў семінарыі – “не толькі падрыхтоўка да выканання знешніх абавязкаў святарства, але і глыбокі працэс інтэлектуальнага і духоўнага развіцця”, вучоба ў ёй павінна не толькі паглыбіць адукацыю студэнтаў, але і падрыхтаваць іх “прапаведваць Евангелле мудра, адказна і з любоўю”. Па яго словах, святарскае пакліканне “патрабуе поўнага аддання і гатоўнасці несці Евангелле ўсім, каго Бог паставіць на вашым шляху”. “Кожны з вас, надзеўшы сёння сутану, прымае на сябе задачу стаць рукамі Хрыста, якія благаслаўляюць, вуснамі, якія прапаведуюць Евангелле, і сэрцам, якое любіць, даруе і прыносіць мір”, – сказаў біскуп.
Ён нагадаў семінарыстам, што святарства – “пастаянная дарога ўзрастання і фарміравання сваіх сэрцаў паводле сэрца Хрыста”, што “важна быць вернымі малітве, сакрамэнтам і штодзённаму жыццю ў веры” і што гэтым шляхам яны будуць ісці не адны – іх будзе падтрымліваць супольнасць.
Усіх вернікаў іерарх заахвоціў маліцца за тых, хто рыхтуецца да святарства, а таксама за святароў, каб яны былі вернымі Хрысту, а іх служэнне было плённым і поўным ласкі, і аб новых пакліканнях да святарства, манаскага жыцця і місіянерскай дзейнасці.
Біскуп падзякаваў кіраўніцтву семінарыі, яе выкладчыкам і ўсім супрацоўнікам за руплівую працу, перадачу ведаў студэнтам і дзяленне сваім прыкладам веры і жыцця.
Семінарысты, якія ўпершыню надзелі духоўную вопратку, выказалі падзяку Богу за пастаяннае суправаджэнне і ласкі, а тым, хто дапамагаў ім у фармацыі і ў падрыхтоўцы да гэтай падзеі, паабяцалі выражаць сваю ўдзячнасць у штодзённай малітве.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Станіслаў Бервячонак