Skip to main content

Дзённік удзельніка пілігрымкі Гродна – Тракелі. Дзень другі: “Гледзячы на крыж, вы бачыце смерць ці любоў?”

dzen 2 4Завяршыўся другі дзень пешай пілігрымкі, якая ідзе з Гродна на ўрачыстасці ў дыяцэзіяльны санктуарый Каралевы нашых сем’яў у Тракелях. Пра падзеі дня распавядае ў дзённіку пілігрыма Вікторыя Сідар.

Сённяшні дзень быў не з лёгкіх. Перш за ўсё таму, што ён быў самы доўгі па кіламетражы. Нам прыйшлося пераадолець ні многа, ні мала – 37 кіламетраў (і гэта толькі па афіцыйных звестках)! Затое дарога была неверагодна прыгожая – амаль увесь шлях быў праз лес, які не толькі дарыў эстэтычную асалоду сваім хараством, але і зачароўваў сваім водарам, а таксама ўкрываў збаўчым ценем.

Другі дзень пілігрымкі мы таксама пачалі святой Імшой. У гаміліі ксёндз Яўген, гледзячы на нашы стомленыя твары, падкрэсліў, што выпрабаванні набліжаюць нас да Бога. Звяртаючыся да зместу чытання, ён патлумачыў, што ў хрысціянстве найважнейшы не культ, а адносіны з Богам, якія параўноўваюцца з заручынамі, а кожны наш грэх – як чужалоства ў адносінах з Ім.

dzen 2 1

Падчас канферэнцыі святар разам з намі прыгледзеўся да гісторый жыцця начальніка сінагогі Яіра і жанчыны, якая дванаццаць гадоў намагалася вылечыцца ад хваробы, але так і не здолела.

Найперш ксёндз Яўген заўважыў, што жанчына мела патрэбу не толькі ў фізічным, але і ў псіхічным і духоўным аздараўленні. Менавіта таму Езус не толькі лечыць яе хваробу, але і шукае ў натоўпе, – жанчына, паглядзеўшы ў вочы Збаўцы (чаго яна баялася), дасягае псіхічнага аздараўлення, а пачуўшы ад Хрыста зварот “дачка мая”, аздараўляецца і духоўна. Святар патлумачыў, што гэтае поўнае аздараўленне было неабходна, каб жанчына, вярнуўшыся да звычайнага жыцця, не раніла іншых з-за наступстваў сваіх ран. Прыклад жанчыны з Евангелля нагадвае нам, што і мы неаднаразова прыходзім да Бога толькі для таго, каб нешта ад Яго атрымаць, а не дзеля сустрэчы з Ім самім…

Сітуацыя другога героя – начальніка сінагогі – крыху іншая, у яго памірае дачка. Але Езус марудзіць, размаўляючы з жанчынай. І галоўны ўрок, які дае нам Яір, – гэта ўрок цярплівага чакання. Ён цалкам здаўся на Хрыста, а Той здзяйсняе вялікі цуд – замест аздараўлення Яір перажывае цуд увакрасення, які змяняе яго жыццё. Гэтыя выпрабаванні дапамаглі яму сустрэцца з Богам па-сапраўднаму. Прыклад Яіра вучыць нас, што самы вялікі цуд для Бога – калі ты змяняеш сваё сэрца, калі ўнутры ў цябе спакой, хоць іншыя баяцца, і калі бачыш святло там, дзе толькі цемра.

dzen 2 3

Пасля абеду нас чакала яшчэ адна канферэнцыя – у форме сведчання, – якую правяла Рэната, якая прыехала да нас з Польшчы. Разам з ёю мы разважалі над каштоўнасцю крыжа і ключавой роляй любові і міласэрнасці ў жыцці хрысціяніна. Глыбока закранула фраза: “Дзякуючы міласэрнасці я магу любіць”, якая навяла на думку, што замест патрабавальнасці да бліжніх лепш праяўляць паблажлівасць…

У Новым Двары, дзе нас прымалі на начлег, многія пайшлі начаваць у школу. Я не стала выключэннем. Але Бог, нават у такой простай сітуацыі, падрыхтаваў для мяне некалькі сюрпрызаў. Для пачатку – магчымасць нармальна памыцца пасля цяжкага і спякотнага дня: для нас адчыніла свае дзверы адна з парафіянак. І пакуль мы сядзелі на ганку ў чаканні апошняй з нашай кампаніі, плануючы, як пацягнемся да касцёла, каб сястра Каця – медык з залатымі рукамі і чулым сэрцам – агледзела нашы ногі, сястра прыехала сама!.. А пасля яе агляду, быццам па ўзмаху чарадзейнай палачкі, ножкі сталі балець менш, і мы, здзіўленыя і шчаслівыя, вярнуліся ў школу.

dzen 2 2

Вось такі доўгі і цудоўны атрымаўся наш другі дзень пілігрымкі Гродна – Тракелі…