Вечарам 19 красавіка ў гродзенскай катэдры св. Францішка Ксаверыя адбылася Імша Пасхальнай вігіліі, якой распачалося святкаванне Вялікадня – самай важнай хрысціянскай урачыстасці.
Цэлебрацыю ўзначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, на ёй сабралася, як і кожны год, вялікая колькасць вернікаў.
Імша пачалася літургіяй Святла. У межах гэтай часткі біскуп здзейсніў перад касцёлам благаслаўленне агню, ад якога затым быў запалены пасхал – сімвал Езуса Хрыста. На пасхальнай свечцы іерарх зрабіў знак крыжа і адзначыў літары А (альфа) i Ω (амега), якія азначаюць, што Бог з’яўляецца пачаткам і канцом кожнага стварэння. Пасхал быў урачыста ўнесены ў святыню з патройным воклічам: “Святло Хрыста”, на які вернікі адказвалі: “Дзякуем Пану Богу”.
У межах літургіі слова – наступнай часткі Імшы – разважалася над гісторыяй збаўлення, апісанай у Старым і Новым Запаветах, пачынаючы ад стварэння свету і першых людзей да збаўчай Мукі і Уваскрасення Хрыста.
У гаміліі біскуп засяродзіў увагу на фрагменце Евангелля, дзе гаворыцца пра тое, як некалькі жанчын на досвітку прыйшлі да магілы Хрыста, каб намасціць Яго цела пахучымі алеямі. Іерарх падкрэсліў, наколькі моцна гэтыя жанчыны любілі Езуса: яшчэ не скончылася ноч, а яны “бягуць да магілы з алеямі ў руках”, быццам можна водарамі “перамагчы смурод смерці”; ва ўяўленні яны “прадстаўляюцца змучанымі, іх шчокі яшчэ мокрыя ад слёз Вялікай пятніцы”. Па словах біскупа, ад роздуму над учынкам гэтых жанчын можа стаць сорамна за сябе: “ці бег калі-небудзь так за Езусам у цемры я; ці сумаваў па Ім так, не могучы заснуць, я; ці палаў я любоўю такой вялікай, не могучы дачакацца сустрэчы з Ім?”
“Жанчыны яшчэ не ведаюць, што Ён устаў і пакінуў магілу, – сказаў іерарх. – Адкуль яны маглі ведаць, што ідуць да пустой магілы, як да святыні, як на першую рэзурэкцыю. Ці не ўзрушыць такі вобраз нават самую закамянелую душу? Ці не сагрэе самае змерзлае сэрца?”
“Няхай гэтая ноч доўжыцца столькі, пакуль у нас не народзіцца моцны сум па Езусе, пакладзеным у магілу. Няхай доўжыцца столькі, пакуль нашы сэрцы не забаляць з-за нанесеных Яму ран, пакуль у сваіх сэрцах мы не заплачам з-за таго, што забілі Бога-Чалавека, пакуль у нас не народзіцца поўны любові сум па жывым Богу”, – дадаў біскуп.
Сімвалы літургіі Пасхальнай вігіліі, заўважыў іерарх, апавядаюць пра тое, што “Сын Бога прыходзіць з таго боку смерці, з рэчаіснасці, якой мы не ведаем”, “уносіць святло нават у самую вялікую цемру, поіць і лечыць хрысцільнай вадой нашы зраненыя першародным грахом душы”.
Пастыр Гродзенскай дыяцэзіі адзначыў, што зямны свет “усё больш нагадвае Ерузалем, які ў той дзень выкінуў Сына Божага за муры горада, забіў і абвясціў, што Ён памёр”; гэты свет “страчвае духоўнасць, бо ўжо не сумуе па жывым Богу”. Такі свет, па словах біскупа, дэгуманізуецца, “бесчалавечна ставіцца да сябе і да Бога, бо ўжо не пакланяецца Яму”, “ужо не вельмі разумее сутнасць пасхальных сімвалаў, бо становіцца занадта пачуццёвым”. “Каб добра зразумець духоўны сэнс сімвалаў, не дастаткова пачуццяў, патрэбна вера, а вера нараджаецца са слухання Божага слова”, – патлумачыў іерарх.
“Езус прыйшоў і проста сказаў, што Айцец чакае нас і ў Яго падрыхтаваны для нас месцы”, – нагадаў біскуп і дадаў, што, насуперак гэтаму, “свет шукае месцаў толькі на гэтай зямлі, быццам бы яны вечныя”. “Мы сумуем па жыцці, у якім няма смерці, аднак пастаянна шукаем надзейнай гарантыі ў матэрыяльным, смяротным”, – сказаў іерарх, заўважыўшы, што ў гэтым сучасныя людзі падобныя да вышэйзгаданых жанчын з Евангелля: “мы сумуем па жывым Сыне Бога (…), але працягваем шукаць толькі цялеснага, таго, што памірае, а Бог цярпліва пасылае да нас сваіх анёлаў і пытаецца: “Чаму вы шукаеце жывога сярод мёртвых? Ён уваскрос”.
“Гонячыся за матэрыяльным, смяротным і нявечным, мы, аднак, усё жыццё шукаем Яго самога, – сказаў біскуп. – Гэтага жадання нельга згасіць, сум па Ім немагчыма забіць”.
Тое, што Езус, смяротны зранены чалавечымі грахамі, перамог смерць і ўваскрос, кажа, па словах іерарха, аб тым, што не перамогуць канчаткова тыя, хто забівае, – хутчэй свет жыве дзякуючы тым, хто прыносіць сябе ў ахвяру. У якасці прыкладу біскуп назваў маці і бацькаў, духавенства і кансэкраваных асобаў, хворых. “Не тыя канчаткова перамогуць, якія сёння маюць вайсковую моц, а ўкрыжаваны Баранак са смяротнай ранай, які працягвае жыць у столькіх цудоўных пасхальных людзях, здольных ахвяраваць сабой да канца”, – падвёў выснову іерарх. Ён адзначыў, што Езус Уваскрослы “вядзе ад смутку да радасці, ад жалобы да свята, ад цемры да святла, ад падпарадкавання да адкуплення”.
Таксама ў межах літургіі біскуп здзейсніў благаслаўленне хрысцільнай вады. Прысутныя аднавілі абяцанні хросту.
У канцы пастыр Касцёла на Гродзеншчыне павіншаваў вернікаў з урачыстасцю Уваскрасення Пана.
Пасля Імшы пачалася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, змешчанага напярэдадні ў адмысловай грабніцы. На гэтай адарацыі на працягу ночы, да рэзурэкцыі, кожны мае магчымасць паразмаўляць са сваім Збаўцам Езусам Хрыстом.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі