Skip to main content

Біскуп Кашкевіч узначаліў Імшу Пасхальнай вігіліі ў гродзенскай парафіі бл. Мар’яны Бярнацкай

baranawicze wigilia 10Увечары ў Вялікую суботу, 19 красавіка, Імшу Пасхальнай вігіліі – найважнейшую ў літургічным годзе, – цэлебраваў у маладой гродзенскай парафіяльнай супольнасці благаслаўлёнай Мар’яны Бярнацкай біскуп Аляксандр Кашкевіч.

У часовай парафіяльнай капліцы сабралася вялікая колькасць вернікаў.

Літургія Пасхальнай вігіліі насычана сімваламі, якія перадаюць найважнейшую падзею ў гісторыі свету – збаўленне чалавецтва Езусам Хрыстом, здзейсненае ў Яго смерці і ўваскрасенні. Гэтая Імша складаецца з чатырох частак: літургіі святла, літургіі слова, літургіі хросту і эўхарыстычнай літургіі. Гэтыя часткі з’яўляюцца вобразам Пасхі Хрыста і кожнага хрысціяніна і змяшчаюць сімволіку, якая ахоплівае мінулае, цяперашні час і будучыню.

baranawicze wigilia 6

У гаміліі пробашч парафіі кс. канонік Юрый Марціновіч адзначыў, што велікодныя святы павінны стаць нагодай адкрыцца на Уваскрослага Пана.

“Уваходзячы ў наша жыццё, Бог робіць гэта для таго, каб мы зразумелі, што для Яго няма немагчымага, што тое, што нас прыгнятае і здаецца магілай нашых надзей і намераў, на самой справе такой магілай не з’яўляецца”, – сказаў святар.

Пробашч падкрэсліў, што, калі чалавек адчуў у сваім жыцці дзеянне Бога, ён павінен ісці з гэтай весткай да іншых, апавядаць аб тым, што спазнаў сам.

“Добрай Навіной трэба дзяліцца з усімі, у тым ліку з тымі вучнямі Хрыста, якія страцілі надзею, згубіліся на шляхах свайго жыцця. Трэба сказаць таксама і ім, што Ён уваскрос і жыве!” – дадаў святар.

У канцы літургіі парафіяне папрасілі біскупа падтрымаць іх у малітве, каб яны змаглі паспяхова скончыць будаўніцтва свайго касцёла. Таксама яны падзякавалі яму за тое, што ў такі важны дзень ён захацеў памаліцца разам з імі на гэтай цэлебрацыі Пасхальнай вігіліі.

Іерарх павіншаваў усіх з урачыстасцю Увакрасення Пана. Ён пажадаў, каб Езус Уваскрослы сапраўды прысутнічаў у жыцці кожнага чалавека і каб дзякуючы Яго ласцы, асабліва ў гэтыя дні, ва ўсіх уваскросла надзея на лепшае заўтра.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Артур Антушэвіч