Дарагія наведвальнікі нашай інтэрнэт-старонкі!
Урачыстасцю Уваскрасення Пана мы распачынаем самы радасны перыяд літургічнага года – Велікодны. На працягу наступных пяцідзесяці дзён мы будзем святкаваць Пасхальную містэрыю Хрыста, у межах якой Езус, уваскрасаючы, перамог смерць, пекла і сатану.
Кожны з нас асабіста запрошаны спазнаць вялікую таямніцу, каб адчуць збаўчае дзеянне Бога ў сваім жыцці. Гэты час можа стаць шансам на ажыўленне веры і распальванне нанова любові да Пана, якога можна пазнаць у ламанні хлеба (параўн. Лк 24, 35).
Давайце ж сапраўды сустрэнем Хрыста! Укладзем нашы маленькія рукі ў моцную руку Збаўцы, схаваемся ў Яго Найсвяцейшым Сэрцы і прымем Яго велікоднае пасланне: “Спакой вам” (Ян 20, 19).
Давайце выкінем старую закваску злосці, сапсаванасці, пасрэднасці і ўсяго іншага, што так часта скажае наша жыццё. Адзначым свята ў Пану (параўн. 1 Кар 5, 7–9).
Заспяваем з ахвотай і шчыра, як людзі новыя, велікоднае “Аллелюя”.
Спакойных і благаслаўлёных свят!
Ад імя ўсіх супрацоўнікаў аддзела сродкаў масавай інфармацыі Гродзенскай дыяцэзіі
Кс. канонік Юрый Марціновіч, прэс-сакратар