Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры,
Дарагія вернікі нашай дыяцэзіі!
Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос! Аллелюя!
Гэтае пасланне радасці і надзеі гучыць сёння ў нашых святынях, у нашых дамах і ў сэрцах хрысціян ва ўсім свеце. Адзначаючы велікодныя святы, мы ўспамінаем найважнейшыя падзеі ў гісторыі чалавецтва. Езус Хрыстус, Сын Божы, які з любові ўзяў на сябе цяжар чалавечых грахоў і памёр за нас на ганебным дрэве крыжа, уваскрос. У Пасхальнай Таямніцы Хрыста бясконцая Божая любоў атрымала поўную і канчатковую перамогу над сіламі зла, цемры і граху.
Верым, што Уваскрасенне Хрыста мае панадчасавы характар, з’яўляецца заўсёды актуальным і датычыць кожнага з нас. Як кажа нам святы апостал Павел: “Калі ж мы памерлі з Хрыстом, то верым, што і жыць будзем з Ім, ведаючы, што Хрыстус, які ўваскрос, ужо не памірае, смерць ужо не мае над Ім улады” (Рым 6, 8-9).
Ці ж можа быць для нас большая радасць, чым усведамленне, што кожны дзень нашай зямной вандроўкі мы рухаемся не да пустаты і небыцця, а да паўнаты новага, сапраўднага жыцця, у якога не будзе канца? У гэтым зямным пілігрымаванні мы не пакінуты на саміх сябе. З намі заўсёды Езус Хрыстус, Уваскрослы Збаўца, які сваёй боскай любоўю спадарожнічае нам на шляхах жыцця, асвятляе нас святлом свайго Слова і асвячае сакрамэнтальнай ласкай.
Жадаю вам, дарагія браты і сёстры, сапраўднай пасхальнай радасці ў штодзённым адкрыванні бясконцай любові Хрыста. Няхай уваскрослы Хрыстус умацоўвае нашы сэрцы ў веры, надзеі і любові, няхай адкрывае нас на дар міру, адзінства, прабачэння і паяднання.
Хацеў бы скончыць гэтае віншаванне словамі Святога Айца Францішка з энцыклікі Dilexit nos: “Прашу Пана Езуса, каб з Яго Найсвяцейшага Сэрца выйшлі для ўсіх нас струмені жывой вады, каб загаіць раны, якія мы сабе наносім, узмацніць нашу здольнасць да любові і служэння, пабуджаць нас вучыцца таму, каб разам імкнуцца да справядлівага, салідарнага і братэрскага свету. Гэта будзе працягвацца да таго часу, пакуль мы, шчасліва з’яднаныя, не ўсцешымся ў Валадарстве Нябесным. Там будзе ўваскрослы Хрыстус, які прымірыць усе нашы адрозненні святлом, што нястомна сыходзіць з Яго адкрытага Сэрца. Няхай Езус Уваскрослы будзе заўсёды благаслаўлёны!” (DN, 220).
Памятаю пра вас, дарагія вернікі нашай дыяцэзіі, у маіх малітвах, паўтараю просьбу маліцца за мяне і жадаю вам з усяго сэрца: радасных велікодных святаў!
Ваш біскуп Уладзімір