Skip to main content

Дзённік удзельніка пілігрымкі Гродна – Тракелі. Дзень першы

dzen1 57 ліпеня на ўрачыстасці ў дыяцэзіяльны санктуарый Каралевы нашых сем’яў у Тракелях вырушыла пешая пілігрымка з Гродна. Вікторыя Сідар распавядае ў дзённіку пілігрыма пра першы дзень шляху.

Вось і прайшоў цэлы год! Час ляціць так хутка… Але з якім нецярпеннем і жаданнем мы чакалі гэтых дзён!

Сёння – даволі-такі рана – усе мы сабраліся ў касцёле на Дзевятоўцы. Святая Імша пачыналася ў 7.30, а да яе трэба было паспець загрузіць рэчы ў грузавік і зарэгістравацца ў валанцёраў. У гэтым годзе ўпершыню ў гісторыі пілігрымкі рэчы ўдзельнікаў з начлегу на начлег возіць не проста фургон, а цэлая фура! На выгляд гэта, канешне, робіць уражанне.

dzen1 2

Святую Імшу цэлебраваў біскуп Аляксандр. У казанні ксёндз Антоні Грэмза – галоўны арганізатар пілігрымкі – некалькі разоў падкрэсліў, што пілігрымка – гэта асаблівы час, выхад з зоны камфорту, калі менавіта і пачынаецца наша сапраўднае жыццё. Вельмі важнымі і падбадзёрваючымі былі словы аб тым, што Бог не вырашае нашы праблемы – Ён дае ласку іх вырашыць, а гэта значыць, што ніколі не трэба адчайвацца.

Сонейка сёння пралівала промні сваёй гарачай любові на кожнага з нас. З-за гэтага ісці пілігрымам было цяжка, адлегласць ад аднаго прывалу да наступнага, здавалася, павялічылася з мінулага года разы ў два. На тварах адбілася стомленасць. Але былі і вясёлыя моманты, напрыклад, узброены напад… з вадзянымі пісталетамі. Адзін з валанцёраў запасся ахаладжальнай зброяй і на пару з ксяндзом Яўгенам – духоўным кіраўніком пілігрымкі – наладзіў нам лёгкі падбадзёрлівы душ. У асаблівым захапленні былі самыя малодшыя ўдзельнікі пілігрымкі. А іх, дарэчы, было нямала: нехта ішоў сам, нехта, быццам у карэце, ехаў у сваім вазку – умовы “люкс” ніхто не адмяняў!

dzen1 1

Пасля абеду нас чакала канферэнцыя, заснаваная на фрагменце з Евангелля пра жанчыну з Ханаана, якая прыйшла да Хрыста, молячы аб аздараўленні сваёй дачкі. Ужо ў самым пачатку ксёндз Яўген заўважыў, што пілігрымка – гэта час зняць маску. Святар звярнуў увагу на тое, што мы часта хаваемся за тэлефонам, шумам вакол, пустымі размовамі… Чаму? Таму, што баімся зазірнуць у сябе і ўбачыць сябе сапраўднымі. Паспрабую тэзісна перадаць галоўныя думкі: 1) Хананеянка была язычніцай, а Хрыстус пасланы перш за ўсё да выбранага народу – таму збаўленне прыходзіць паступова. Неаднаразова трэба ўмець чакаць, каб атрымаць вечнасць. 2) Збаўленне прыходзіць не ў масах, а праз адзінкі, праз цябе. Дванаццаць апосталаў змаглі абвясціць Евангелле ўсяму свету, а ты можаш, змяняючы сябе, змяняць свет. 3) Хананеянка крычыць, Хрыстус не звяртае на яе ўвагі, але жанчына не адыходзіць – і ты, калі любіш па-сапраўднаму, пераадолееш любыя цяжкасці, перашкоды і прыніжэнні. 4) Хрыстус не звяртае ўвагі на жанчыну, пакуль яна не звяртаецца да Яго сваімі словамі замест завучаных выразаў, чужых ёй, – значыць, трэба зняць маску і прыйсці да Бога сапраўдным. 5) Хананеянка просіць: “дапамажы мне” – такім чынам, галоўная праява пыхі – думка, што праблема не ў табе самім, а ў людзях, якіх ты сустракаеш. Але на самой справе кожны, хто раздражняе цябе, – гэта дар ад Бога, які дапамагае зразумець, што не так унутры мяне. Галоўная думка-матыватар гэтай гаміліі – “Бог аб усім паклапоціцца, толькі сустрэнь Яго”.

dzen1 4

Пасля абеду на небе пачалі з’яўляцца аблокі і сабралася нават на невялікі, зусім кароткі дожджык. Навальніцы, прадказаныя прагнозамі надвор’я, нас, на шчасце, не напаткалі.

З цяжкасцю, стомленыя і змучаныя, мы дайшлі да Парэчча, дзе нас ужо чакалі парафіяне на чале з пробашчам. Паколькі сёлета нас ідзе больш – каля 250 чалавек – з начлегамі было крыху складаней, і ўсё роўна ніхто не застаўся начаваць пад адкрытым небам.

Кладземся спаць у прадчуванні заўтрашняга дня. Заўтра абавязкова будзе лягчэй!