ФРАНЦІШАК БІСКУП СЛУГА СЛУГАЎ БОЖЫХ умілаванаму сыну Уладзіміру Гуляю, з духавенства Гродзенскай дыяцэзіі лацінскага абраду, у якой дагэтуль быў пробашчам парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў горадзе Ліда, а таксама біскупскім вікарыем Лідскага рэгіёна, намінаванаму біскупам-каад’ютарам гэтай жа дыяцэзіі, вітанне і благаслаўленне.
Узвышаючы чалавечую натуру і не прыніжаючы пры гэтым боскую, Слова сталася целам і пасялілася між намі (пар. Ян 1, 14) праз пакору Найсвяцейшай Панны Марыі і дзеянне Святога Духа.
У гэтым — пачатак нашага збаўлення, думаючы пра якое, мы стараемся руплівых святароў, што з пакораю ў сэрцы ўмацоўваюць наша братэрства, прызначаць да апостальскага служэння. А паколькі вялебны брат Аляксандр Кашкевіч, Гродзенскі біскуп лацінскага абраду, з-за свайго паважнага ўзросту і дзеля духоўнага дабра давераных яму душаў, якога ён дзейсна жадае, папрасіў аб каад’ютары ў біскупскім кіраванні, Мы ахвотна схіляемся да ягонай просьбы і, зважаючы на твае здольнасці і чалавечыя якасці, таленты і дасведчанасць, лічым цябе годным да выканання гэтага важнага абавязку.
Таму Мы, беручы пад увагу меркаванне Дзяржаўнага Сакратарыяту і параіўшыся з Дыкастэрыяй па справах Біскупаў, Нашай Апостальскай уладаю, згодна з нормамі кананічнага права, мянуем цябе біскупам-каад’ютарам Гродзенскай дыяцэзіі лацінскага абраду.
Біскупскае пасвячэнне ты зможаш атрымаць ад абранага табою каталіцкага біскупа па-за Рымам, з захаваннем літургічных нормаў. Але перад гэтым табе неабходна будзе, згодна з законамі Касцёла, скласці вызнанне веры і прысягу вернасці Нам і Нашым Наступнікам.
Паклапаціся абвясціць гэты Наш Ліст духавенству і народу касцёльнай супольнасці, пра якую Мы ўзгадалі. Нарэшце, умілаваны браце, даручаем тваё служэнне і ўсю дыяцэзію апецы Найсвяцейшай Панны Марыі і заступніцтву святога Юзафа, каб яны выпрасілі для біскупа Гродзенскай дыяцэзіі лацінскага абраду, для цябе, духавенства і Хрыстовых вернікаў Божае спрыянне і ласкі.
Дадзена ў Рыме, на Латэране, пятага красавіка, у год Пана дзве тысячы дваццаць чацвёрты, у дванаццаты год Нашага пантыфікату.
ПАПА ФРАНЦІШАК