
Цягам трох дзён моладзь мела магчымасць прыняць удзел у св. Імшы, прыступіць да сакраманту пакаяння, паўдзельнічаць у адарацыі крыжа і паслухаць канферэнцыі а. Валерыя.
– Я вельмі ўсцешаны тым, наколькі запатрабаванымі сталі рэкалекцыі для моладзі. Калі адбывалася адарацыя крыжа і споведзь на другі дзень рэкалекцый, то моладзь трывала ў касцёле ажно да поўначы – столькі было ахвотных, – падзяліўся ўражаннямі кс. Антоні Грэмза, душпастыр акадэміцкай моладзі.
А. Валерый, пробашч парафіі св. Яна Хрысціцеля ў Воўпе, адзначыў, што асабіста для яго рэкалекцыі са старэйшай моладдзю былі першымі такога кшталту:
– Я ўпершыню праводзіў рэкалекцыі для студэнтаў, гэта асаблівая аўдыторыя. Трэба казаць на зрузумелай для іх мове: не занадта складана і не занадта проста. Не ведаю, як гэта ў мяне атрымалася. Для мяне рэкалекцыі таксама атрымаліся яскравым знакам веры. Прысутнасць моладзі, якая ўважліва слухала, мяне моцна натхняе. Таму гэта для мяне таксама вельмі важная падзея.
Чым сталі гэтыя велікапосныя рэкалекцыі для яе ўдзельнікаў – моладзі?
– Я даведалася шмат важнага і патрэбнага для сябе. Гэта нават у нечым змяніла маё стаўленне да Бога, узмоцніла маю веру. Я вельмі рада, што ёсць такія рэкалекцыі.
– Цікавым было абсалютна ўсё. На рэкалекцыях ёсць шанец усё поўнасцю адчуць да глыбіні душы. Не кожную нядзелю можна так перажываць сустрэчу з Богам.
– На рэкалекцыях адкрываеш новыя шляхі да Пана Езуса. Гэтыя рэкалекцыі паказалі, што такія шляхі ідуць праз любоў. Пан Езус не толькі з’яўляецца суддзёй, Ён любіць кожнага чалавека, у любую хвіліну я магу да Яго звярнуцца.
У апошні дзень рэкалекцый 24 сакавіка пасля канферэнцыі і св. Імшы моладзь разам з душпастырам кс. Антоніем Грэмзам і рэкалекцыяністам а. Валерыем Мазюком сабралася на больш нефармальную сустрэчу ў зале пабрыгіцкага касцёла. Моладзь падзялілася сваімі ўражаннямі ад перажытых рэкалекцый і мела магчымасць задаць пытанні, якія яшчэ засталіся або якія ўзніклі пасля канферэнцый падчас рэкалекцый.