27 красавіка пры касцёле св. Арханёла Міхала ў Навагрудку адбылося ўрачыстае адкрыццё і асвячэнне крыпты-капліцы імя св. Дамініка і біскупа Віта. Гэтая падзея была прымеркавана да юбілею 400-годдзя навагрудскага касцёла, які адзначаецца сёлета.
Урачыстасць узначаліў біскуп-намінат Уладзімір Гуляй, прызначаны біскупам-каад’ютарам Гродзенскай дыяцэзіі.
Пачалася ўрачыстасць святой Імшой, на якой сабраліся навагрудчане і госці з розных куткоў Беларусі.
У гаміліі біскуп-намінат прапанаваў прысутным задаць сабе пытанні: “Ці ведаю я Езуса? Што я ведаю пра Яго, акрамя асноўных ведаў з катэхізісу? Ці магу расказаць пра Яго таму, хто ніколі пра Яго не чуў?”
Таксама прапаведнік заахвоціў падумаць пра свой досвед веры адносна Божай прысутнасці ў жыцці. “Як я ўяўляю прысутнасць Бога? Ці веру, што Ён хоча настолькі скараціць адлегласць паміж Сабою і мной, што вырашае прыйсці да мяне ў звычайным знаку Хлеба і Віна (у Эўхарыстыі), у тэксце Святога Пісання, напісанага чалавечай рукой, ці праз тое, што Ён прыходзіць у іншым чалавеку?” – над гэтымі пытаннямі біскуп-намінат прапанаваў задумацца, дадаўшы, што Езус шукае кожнай магчымасці дастукацца да сэрцаў сваіх дзяцей.
“Калі ты верыш, што Езус у табе, жыве ў тваім сэрцы, у тваёй душы, тады трэба пастаянна прызнаваць, што Бог Айцец таксама ў табе, – адзначыў намінат. – Ты запрошаны стаць падобным да Айца, каб станавіцца як Айцец: міласэрным, далікатным, патрабавальным, але з любоўю”. Ён дадаў, што “адкрываюць (аб’яўляюць) Бога ўчынкі прабачэння, міласэрнасці, ахвярнасці, дабрыні, любові”.
Намінат адзначыў, што вернікам неабходна зрабіць грунтоўны рахунак сумлення наконт таго, ці не занядбоўваюць яны задачу, акрэсленую самім Хрыстом, – абвяшчаць Добрую Вестку ў сучасным свеце. “Часам мы скардзімся на сённяшні “бязбожны свет”, можа, паказваем пальцам на людзей, якія жывуць не ў адпаведнасці з этычнымі прынцыпамі. Аднак мы не задумваемся, чаму яны не вераць ці чаму занядбалі сваё жыццё. Насамрэч гэтыя людзі не столькі “няверуючыя”, колькі “тыя, хто не ведае”. Яны не ведаюць праўдзівага Бога; яны не бачылі твару міласэрнасці і любові ў сваім жыцці. Чалавек, які ведае сапраўднае аблічча Бога, не можа адмовіцца ад Яго (не можа Яго адкінуць, адхіліць). Чалавек, які спазнаў і ведае, што такое любоў, не можа не жадаць цалкам акунуцца ў яе. Нашыя сэрцы і ўчынкі могуць і павінны выклікаць у іншых прагненне Бога, прагненне пазнаць сапраўднае аблічча Айца”, – сказаў ён.
Біскуп-намінат заахвоціў “памятаць, што нашы дзеянні аб’яўляюць Бога”, “усведамляць, што чалавек з’яўляецца адлюстраваннем прыгажосці Бога” і пакліканы “любіць, рабіць дабро і змяняць свет”. Ён заклікаў “адкрыцца на Духа Божага”, дазволіць Яму “перамяніць нас у жывую копію Езуса”.
Пасля Імшы прысутныя перайшлі ў крыпту-капліцу, дзе спевам парафіяльнага хору распачалося ўрачыстае адкрыццё для наведвання гэтага гістарычнага месца. Біскуп-намінат прачытаў малітву асвячэння і падзякаваў пробашчу і парафіянам за грунтоўна зробленую працу і прыкладзеныя намаганні.
У цырымоніі адкрыцця крыпты прынялі ўдзел прадстаўнікі мясцовай улады на чале з загадчыкам аддзела ідэалагічнай працы і па справах моладзі Навагрудскага райвыканкама Наталляй Жыжко, якая выразіла задавальненне з таго, што гораду падораны яшчэ адзін вельмі важны гістарычны, культурны і духоўны аб’ект.
На заканчэнне мастак-графік і кніжны ілюстратар Павел Татарнікаў прадставіў жыхарам і гасцям горада мапы-рэканструкцыі Навагрудка з розных часовых эпох – вынік сваёй шматгадовай даследчыцкай і творчай працы. Мастак перадаў іх у дар касцёлу Арханёла Міхала.
Крыпта-капліца імя святога Дамініка і біскупа Віта размешчана ў найстарэйшай частцы касцёла, якая налічвае 400 год. У ёй знаходзяцца пахаванні манахаў-дамініканаў і фундатараў касцёла – сям’і Хрыстафора Хадкевіча. У адной з ніш крыпты змешчана копія вядомага гістарычнага артэфакта – келіха св. Ядвігі, а таксама многія гістарычныя рэчы з фондаў навагрудскай парафіі.
Святы Дамінік – айцец-заснавальнік дамініканскай духоўнасці. Дамінікане прычынiлiся да ўзвядзення навагрудскага касцёла, школы кляштара і крыпты, захавалі і памножылі культурнае і духоўнае багацце гэтай зямлi.
Віт, таксама дамініканін, увайшоў у гісторыю Вялікага княства Літоўскага як першы біскуп гэтай зямлі. Ён застаўся ў памяцi людзей як заступнік усіх, хто з верай просіць аб яго пасрэдніцтве перад Богам. Паводле меркаванняў гісторыкаў, біскуп Віт у сярэдзіне ХІІІ стагоддзя ахрысціў Міндоўга і пачаў хрысціянізацыю гэтых земляў. Ён заснаваў на Навагрудчыне, у Любчы, першае біскупства, касцёл і кляштар дамініканаў.
Дамінік Запаснік, прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі