Skip to main content

У Капцёўцы згадвалі памерлага пробашча

Вернікі з парафіі Унебаўзяцця НПМ у Капцёўцы ў нядзелю 25 сакавіка разам з душпастырам кс. Міхалам Ластоўскім згадвалі першага пробашча і заснавальніка касцёла кс. Яна Храбоншча. 70 год таму кс. Ян памёр у далёкім Узбекістане. Ён прайшоў пакуты і лагеры, а калі быў вызвалены, трапіў у польскую армію, дзе захварэў і памёр.

На супольнай малітве ў санктурый у Капцёўцы прыбыў кс. бп Аляксандр Кашкевіч, які разам з прысутнымі святарамі і вернікамі маліўся за памерлага пробашча парафіі ў Капцёўцы. Гамілію казаў кс. Павел Урбан – віцэ афіцыял касцёльнага суду ў Гродне. Ксёндз Павел прапанаваў вернікам паразважаць над тым, кім з’яўляецца святар і якую ролю ён адыгрывае ў жыцці кожнага з нас. На пачатку гаміліі кс. Павел прывёў верш кс. Яна Твардоўскага пра святарства, у якім аўтар аддае асаблівую пашану святарству. Кс. Павел зазначыў, што святар вельмі моцна звязаны з жыццём кожнага чалавека: святар хрысціць, удзяляе сакраманты, навучае рэлігіі, служыць кожнаму чалавеку. Казнадзей заахвоціў вернікаў, каб шанавалі святара, былі да яго цярплівымі і ставіліся з разуменнем, асабліва тады, калі ён сумны, устрывожаны, знерваваны ці раззлаваны. На заканчэнне гаміліі казнадзей прыгадаў словы Святогай Айца, а тады яшчэ кардынала Юзэфа Ратцынгера, які ў кніжцы “Соль зямлі” так сказаў пра святарства і святара: “Святар не з’яўляецца шоўмэнам, які штосьці выдумляе і зручна паказвае іншым”. Як адзначыў казнадзей: “Святар з’яўляецца мостам, які злучае два берагі – Бога і чалавека”.

На заканчэнне св. Імшы ксёндз біскуп Аляксандр заахвоціў вернікаў, каб памяталі пра сваіх святароў, а ў час Вялікага Посту не бракавала малітвы перад Езусам, які памірае за кожнага з нас. Супольна адгавораны Анёл Панскі за памерлага пробашча кс. Яна, а таксама адспяваны перад цудоўным абразом Маці Божай Яснагурскай апель з боку вернікаў былі найлепшай падзякай за тыя вялікія справы, якія зрабіў кс. Ян у сваёй паслузе ў Капцёўцы. Ксёндз Міхал падзякаваў усім за супольную малітву, асабліва перадаў вернікам цёплыя словы памяці ад кс. каноніка Лешэка Дамагалы з Польшчы, які адбудаваў парафіяльны касцёл, а таксама аднавіў культ да Маці Божай Цярпліва Слухаючай на Узгорку Надзеі ў Капцёўцы. Кс Лешэк з’яўляецца таксама родным св.п. кс. Яна Храбоншча, таму з асаблівай памяццю і клопатам стараўся аднаўляць гэтую прыгожую Божую справу.

Кс. Ян Храбоншч пасля святарскіх пасвячэнняў 04.06.1933 г. працаваў вікарыем спачатку ў Поразаве, а пазней вікарыем у гродзенскай Фары. 4 ліпеня 1936 г. арцыбіскуп Ялбжыкоўскі іменаваў кс. Яна рэктарам новаўтворанай парафіі ў Капцёўшчызне (сёння Капцёўка) у гродзенскім дэканаце. Тут ён мусіў арганізаваць усё ад пачатку. Пабудаваў капліцу і прыступіў да пабудовы плябаніі і мураванага касцёла. Акрамя гэтага, ангажаваўся ў грамадскую дзейнасць. Касцёл перад выбухам вайны быў ужо пакрыты. Парафія надалей у спісах фігуравала як парафія на стадыі арганізавання, хоць мела ўжо акрэсленую тэрыторыю і лічыла на пачатку 1939 г. 1987 вернікаў.