Перад пачаткам навучальнага года катэхеты Гродзенскай дыяцэзіі, выпускнікі, будучыя і сённяшнія навучэнцы Тэалагічнага каледжа імя св. Казіміра ў Гродне традыцыйна ўдзельнічалі ў рэкалекцыях у дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат).
Сёлета рэкалекцыі правёў пробашч лідскай парафіі св. Юзафа рамесніка і бл. сясцёр-мучаніц з Навагрудка кс. Віталій Сідорка, выкладчык гродзенскага Тэалагічнага каледжа. Арганізатарам рэкалекцый выступіў Аддзел каталіцкага навучання і выхавання Гродзенскай курыі.
У межах духоўных практыкаванняў разглядалася тэма “Несвятая святасць”. Пад кіраўніцтвам святара ўдзельнікі разважалі над дзейнасцю Бога ў штодзённым жыцці, прыкладамі Яго святасці ў паводзінах, дзеяннях чалавека ў будзённасці. Як тлумачыў кс. Віталій, Дух Святы праяўляецца ў кожным чалавеку, у тым ліку ў няверуючым. Прыводзячы прыклады святасці, рэкалекцыяніст назваў адным з іх успрыманне рэчаіснасці вачыма Бога. Таксама, як заўважыў святар, кожнаму “вельмі важна адчуць, што ён – любімае Божае дзіця”, і не паддацца спакусе ацэньвання сябе праз прызму маленькага, занядбанага “пакойчыка”, спакусе марнавання магчымасцяў.
Асновай разважанняў былі фрагменты Святога Пісання, а таксама фільм, прапанаваны для прагляду кс. Віталіем. Тэарэтычныя на першы погляд фармулёўкі раскрываліся з практычнага боку ў святле Бібліі і праз аналогіі паміж паводзінамі кінагерояў і рэальным жыццём.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі