Skip to main content

Біскуп Гродзенскі на пачатак навучальнага года ў Тэалагічным каледжы імя св. Казіміра: “Калі навука не вядзе да любові — яна губляе сэнс”

kaledz2025 1

28 верасня ў Тэалагічным каледжы імя св. Казіміра ў Гродне ўрачыста распачаўся навучальны год.

Вучобу ў каледжы, сярод галоўных мэт якога – умацаванне веры, паглыбленне рэлігійных ведаў і падрыхтоўка спецыялістаў для рэлігійнай дзейнасці, распачалі сёлета ў агульнай колькасці 70 чалавек, з іх 20 – на першым курсе.

У рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй узначаліў Імшу, цэлебруючы яе ў інтэнцыі ўсяго калектыву каледжа, а асабліва за тых, хто пачынае вучыцца ў ім.

“Наш тэалагічны каледж — месца, дзе сустракаюцца вера і навука, – адзначыў біскуп у гаміліі. – Часам у свеце іх супрацьпастаўляюць: адны кажуць, што дастаткова навукі і вера не патрэбна, іншыя — што толькі вера ратуе, а веды небяспечныя. Але Касцёл вучыць нас інакш: вера і розум — гэта два крылы, на якіх дух чалавека ўзносіцца да сузірання праўды”. “Тэалогія — навука, якая шукае разумення веры, – дадаў іерарх. – Калі мы толькі молімся, але не вучымся — вера можа стаць павярхоўнай. Калі толькі вучымся, але не молімся — веды могуць зрабіць нас ганарлівымі. Толькі калі гэта разам, мы становімся сапраўднымі сведкамі”.

kaledz2025 6

Разважаючы над літургічным чытаннем, у якім паказаны “людзі, якія не турбуюцца пакутамі іншых”, біскуп сказаў: “Найгоршае тое, што так можна жыць і ў Касцёле, і ў тэалагічным асяроддзі. Можна быць занятым толькі сабой, сваімі планамі, сваім поспехам і забыць, што сапраўдны сэнс жыцця — гэта служэнне”. Звяртаючыся да навучэнцаў каледжа, іерарх падкрэсліў, што яны вучацца там не толькі з мэтай атрымаць дыплом: “Ваша вучоба – гэта пакліканне служыць. Калі чалавек закрываецца ў сваім эгаізме, ён губляе ўсё”.

“Шукайце справядлівасці — будзьце сумленнымі ў вучобе і адносінах; жывіце пабожнасцю — няхай малітва будзе не дадаткам, а асновай вашага жыцця; узрастайце ў веры і любові — бо веды без любові становяцца пустымі; будзьце цярплівыя і лагодныя — бо не ўсё адразу, і шлях да святасці патрабуе часу”, – такія парады даў біскуп навучэнцам.

Тлумачачы фрагмент Евангелля, у якім гаворыцца пра багатага чалавека і бедняка Лазара, іерарх адзначыў: “Часам мы, занятыя вучобай, кнігамі, праектамі, забываемся пра тых, хто побач. Лёгка жыць у “сваім свеце” і не заўважыць Лазара каля дзвярэй. Але калі навука не вядзе да любові — яна губляе сэнс. Заўважце, у евангельскай прыпавесці багаты чалавек не зрабіў нічога яўна дрэннага: не біў Лазара, не выганяў. Ён проста яго не заўважыў. Вось што заўсёды небяспечна: абыякавасць. Сёння гэта адна з найбуйнейшых праблем чалавецтва. Папа Францішак часта казаў пра “глабалізацыю абыякавасці”. Мы бачым у тэлевізары войны, беды, пакуты – і праз хвіліну пераключаем канал. У інтэрнэце пракручваем трагедыі як навіны – і забываемся.

Але Лазар стаіць і сёння каля нашых дзвярэй. Гэта можа быць твой сусед, які знаходзіцца ў патрэбе, бедная сям’я, хворае дзіця, самотны пажылы чалавек. Гэта можа быць нават твой аднакурснік, які пакутуе ў цішыні. Калі вы вучыцеся тэалогіі, але не заўважаеце Лазара, то ваша вучоба не мае сэнсу”.

Біскуп назваў вучобу ў тэалагічным каледжы “вялікім дарам і адначасова адказнасцю” і заахвоціў: “Не замыкайцеся толькі ў кнігах. Шукайце жывога Бога ў малітве, у супольнасці, у тых, каму патрэбна ваша дабрыня”.

“Няхай наш каледж стане сапраўднай майстэрняй надзеі, дзе фарміруюцца новыя пакаленні людзей веры, любові і святасці”, – пажадаў іерарх.
Намеснік дырэктара каледжа па навучальнай частцы a. Андрэй Шчупал CSsR падзякаваў біскупу. Пасля Імшы першакурснікам былі ўручаны заліковыя кніжкі.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі