Skip to main content

Айцец паўлін Сяргей Калютa цэлебраваў прыміцыйныя Імшы ў Ваўкавыску і Карэлічах

kaluta prymicja 125 і 27 чэрвеня новапрэзбітэр Сяргей Калюта OSPPE цэлебраваў прыміцыйныя Імшы адпаведна ў парафіях св. Вацлава ў Ваўкавыску і Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Карэлічах.

Айцец паўлін Сяргей прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне 25 мая ў яснагорскім кляштары ў Чэнстахове (Польшча) і вярнуўся на служэнне ў Беларусь.

Як паведамляе сайт pauliny.by, у прыміцыйнай Імшы ў ваўкавыскай парафіі – роднай для новапрэзбітэра – удзельнічалі яго сабраты з кляштара ў Карэлічах айцы Ежы Саковіч і Ануфрый Альховік, а таксама студэнты семінарыі паўлінаў. Прыбылі вернікі парафій у Карэлічах і Варончы.

Імша пачалася працэсіяй з плябаніі ў касцёл. Літургію ўпрыгожваў спевам моладзевы парафіяльны хор.

На Імшы новапрэзбітэр маліўся за сваіх бацькоў, за ўсіх парафіянаў, вікарыяў парафіі, яе пробашча кс. прэлата Антонія Філіпчыка, які зараз знаходзіцца ў шпіталі. Гамілію прамовіў а. Ежы Саковіч, растлумачыўшы ў ёй таямніцу Хрыстовага святарства.

kaluta prymicja 8

Выбар дня прыміцыйнай Імшы ў парафіі ў Карэлічах – 27 чэрвеня – быў невыпадковым, бо ў гэты дзень парафія святкуе адпустовую ўрачыстасць Маці Божай Нястомнай Дапамогі. У Эўхарыстыі ўдзельнічалі пробашч парафіі Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса ў Казлоўшчыне (Дзятлаўскі дэканат) кс. Андрэй Пышынскі і сёстры францішканкі ад Церпячых з Бярозаўкі (Навагрудскі дэканат).

Айцец Сяргей, звяртаючыся да прысутных, засяродзіў увагу на тым, як важна быць з Найсвяцейшай Паннай Марыяй і аддавацца Ёй у рукі, як найлепшай Маці.

У канцы Імшы адбылася працэсія. Прысутныя атрымалі прыміцыйнае благаслаўленне.

Айцы паўліны нясуць служэнне ў 17 краінах, у тым ліку ў Беларусі: у Карэлічах (Гродзенская дыяцэзія) і Гомелі (Пінская дыяцэзія). Сяргей Калюта стаў чацвёртым беларусам у Ордэне паўлінаў.