Skip to main content

Дыякан Ордэна паўлінаў з Ваўкавыска прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне

kaluta 627 мая, у вігілію ўрачыстасці Спаслання Духа Святога, у базыліцы Адшукання Святога Крыжа і Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі на Яснай Гары ў Чэнстахове (Польшча) дзесяць дыяканаў Ордэна святога Паўла, Першага пустэльніка (паўліны), прынялі пасвячэнне ў ступені прэзбітэрату.

Новымі прэзбітэрамі сталі сем палякаў, славак, харват і беларус, які паходзіць з Гродзенскай дыяцэзіі, – Сяргей Калюта з ваўкавыскай парафіі св. Вацлава.

Пасвячэнне ўдзяліў дапаможны біскуп Чэнстахоўскай архідыяцэзіі Анджэй Пшыбыльскі. У Імшы, на якой адбылося пасвячэнне, удзельнічалі дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец, айцы паўліны з Беларусі, блізкія і знаёмыя новых святароў.

“Будзьце супольнасцю, пра якую кажа Біблія, маючы на ўвазе арфу з дзесяццю струнамі, у якой прыгожы гук. Будзьце прыпавесцю ўзаемнай любові, сябрамі Езуса і людзей”, – заклікаў біскуп Пшыбыльскі новапасвячаных прэзбітэраў.

kaluta 10

Айцец Сяргей Калюта нарадзіўся ў 1997 г. у Ваўкавыску. Там жа ў касцёле св. Вацлава ў 2008 г. прыняў Першую святую Камунію.

Фармацыю да святарства пачаў у 2015 г. у Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.

У 2016 г. быў прыняты ў Ордэн паўлінаў. У канцы навіцыяту 8 верасня 2017 г. прынёс першыя часовыя манаскія абяцанні. Вучыўся ў Вышэйшай духоўнай семінарыі айцоў паўлінаў у Кракаве.

25 сакавіка 2022 года, ва ўрачыстасць Звеставання Пана, на Яснай Гары ў Чэнстахове прынёс вечныя манаскія абяцанні на выключнае Божае служэнне ў Ордэне св. Паўла, Першага пустэльніка. Пасвячэнне ў ступені дыяканату прыняў 7 мая 2022 года ў базыліцы св. Міхала Арханёла і св. Станіслава ў Кракаве (Польшча).

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі