
Сустрэча, як звычайна, распачалася гімнам да Святога Духа і Малітвай на працягу дня. Затым пачалася адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту, падчас якой адбывалася споведзь святароў.
Пасля гадзіннай адарацыі і споведзі ксяндзы праслухалі аскетычную канферэнцыю на тэму веры, якую прамовіў духоўны айцец святароў нашай дыяцэзіі а. д-р Андрэй Шчупал CssR. У канферэнцыі а. Андрэй падкрэсліў, якой важнай з’яўляецца вера ў жыцці святара, асабліва ў сённяшнія часы, калі чалавек не мае гэтай веры па розных прычынах. Святар перш за ўсё павінен сам верыць у тое, што абвяшчае. Святар без веры не здольны да ахвяры. А вера – гэта поўнае даручэнне сябе Богу. Таямніца ўдалага святарства – гэта радасць ад таго, што мы маем у сабе Бога. Веры не здабыць без вырачэння і пакуты. Святар павінен жыць духам веры, а не духам свету. Не шукаць сябе, каб добра ўладкавацца ў святарстве. Для вернікаў сустрэча са святаром важная, калі яна ўплывае на іх веру. І таму святар павінен быць прыкладам гэтай веры ва ўсім: у думках, мове, учынках, удзяленні Сакрамантаў, асабліва Эўхарыстыі. Вера павінна быць найважнейшай у жыцці святара.
Супольна канцэлебраваную св. Імшу ўзначаліў кс. бп Аляксандр Кашкевіч. Божае слова да святароў прамовіў новы біскупскі вікарый для Смаргонскай акругі кс. д-р Здзіслаў Вэдэр SDB. З нагоды надыходзячага Года веры кс. Здзіслаў гаварыў таксама пра веру, падкрэсліваючы, як важна ў жыцці чалавека сведчанне, асабліва сведчанне веры. Святар павінен нястомна паглыбляцца ў кантакце з Богам. Усё павінна быць насычана Богам: і малітва, і праца, і навучанне. Як дайсці да такой веры? Прасіць яе ў Бога, маліцца, жыць ёю. Таму што жыццё святара ўплывае на стан веры людзей. Паказчыкам веры ксяндза з’яўляецца яго стаўленне да Эўхарыстыі.
Пасля абеду адбылася арганізацыйная сустрэча, на якой святары пачулі розныя камунікаты. Сп. Юрый, якія ўдзельнічае ў працы з Ананімнымі алкаголікамі, паінфармаваў святароў пра магчымасць арганізацыі сустрэч для людзей, залежных ад гэтай дрэннай звычкі, а таксама падзяліўся сведчаннем такой сустрэчы, якую перажыў у Віцебскай дыяцэзіі ў Глыбокім і Паставах, дзе ў такіх сустрэчах актыўны ўдзел прымае мясцовая ўлада, дапамагаючы праводзіць іх не толькі ў касцёле, але і на працы. Кс. Антоні Грэмза, віцэ-канцлер курыі, прадставіў вынікі пасяджэння новай Святарскай рады, якія тычыліся плануемых мерапрыемстваў Гродзенскай дыяцэзіі.
Пасля малітвы Анёл Панскі і бласлаўлення ксяндза біскупа святары накіраваліся ў свае парафіі.