Skip to main content

Апостальскі нунцый цэлебраваў св. Імшу ў гродзенскай катэдры

Прадстаўнік Святога Айца ў Беларусі Клаўдыё Гуджэроцці ўзначаліў св. Імшу, якая адбылася 5 лютага а 12-й гадзіне ў катэдры. Літургія была цэлебравана на лацінскай мове з прамаўленнем тэкстаў малітваў на польскай, беларускай і рускай мовах. Разам з Апостальскім нунцыем св. Імшу канцэлебраваў ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч.

На літургіі прысутнічалі ганаровыя госці – прадстаўнікі грэка-каталіцкай Царквы на чале з архімандрытам Сяргеем Гаекам. Папрысутнічаць на св. Імшы, якую ўзначальваў прадстаўнік Ватыкана, прыйшло мноства гродзенцаў – катэдра была запоўнена цалкам, нягледзячы на моцны мароз.

На пачатку св. Імшы ксёндз біскуп Аляксандр сардэчна прывітаў Апостальскага нунцыя Клаўдыё Гуджэроцці ў гродзенскай катэдры. Ксёндз біскуп звярнуў увагу на тое, што катэдра, якая сабрала ўсіх на такую ўрачыстую св. Імшу, мае багатую гісторыю, а яе пасляваенная біяграфія нагадвае сітуацыю ўсяго каталіцкага Касцёла ў Беларусі:

- Шмат з прысутных вернікаў памятае, што ў гэтым касцёле на працягу 28 гадоў не было святра.

Каб засцерагчы святыню ад знішчэння атэістычнымі ўладамі, вернікі збіраліся ў касцёле і адпраўлялі г.зв. Імшу без святара. Толькі ў 1989 быў атрыманы дазвол на адпраўленне св. Імшаў святаром, спачатку некалькі разоў на год, а пасля кожны тыдзень.

- Сёння трэба выразна сказаць, што толькі дзякуючы глыбокай веры і адважнай рашучасці вернікаў удалося захаваць гэтую прыгожую святыню. Гэтак і вера ў сэрцах людзей на Гродзеншчыне ацалела дзякуючы гераічнаму сведчанню шматлікіх братоў і сясцёр. [...] Ваша Эксцэленцыя распачынае сваю вельмі адказную місію сярод люду, які апрача шматлікіх пакут і балючых выпрабаванняў нёс перамогу ў барацьбе за веру і за сваю прыналежнасць да каталіцкага Касцёла. Я шчыра спадзяюся, што гэтая першая сустрэча з верным людам Гродна пакіне ў сэрцы ксяндза арцыбіскупа як мага лепшыя ўражанні і спрычыніцца да ўзмацнення духоўнай сувязі паміж нашай дыяцэзіяй і паўсюдным Касцёлам, - сказаў ксёндз біскуп Аляксандр.

У сваёй гаміліі Клаўдыё Гуджэроцці горача падзякаваў дыяцэзіі ў асобе ксяндза біскупа Аляксандра за надзвычай цёплы і сардэчны прыём у Гродне. Яго Эксцэленцыя адзначыў, што сам факт прысутнасці ў гэтым краі прадстаўніка Святога Айца вельмі значны, прытым, што падчас візіту адбылася сустрэча са свецкімі ўладамі. Трэба памятаць боль мінулага, калі Касцёл быў занядбаны і пераследаваўся. Аднак, трэба крочыць у будучыню і смела адчыняць ёй дзверы.
Клаўдыё Гуджэроцці адзначыў, што мае гонар прадстаўляць у Святой Сталіцы такі народ, які ўмее працаваць, любіць, які мае добрыя сем’і, які ўмее верыць. Гэта народ, які мае сваё сумленне і робіць свой уклад у развіццё цывілізацыі на гэтых землях.

Напрыканцы св. Імшы, з нагоды першай нядзелі месяца, адбылася ўрачыстая адарацыйная працэсія па касцёле на чале з ксяндзом арцыбіскупам Клаўдыё Гуджэроцці.

Падчас прывітальнага слова пробашч катэдры ксёндз Ян Кучынскі звярнуў увагу, што Апостальскі нунцый мае магчымасць убачыць тыя традыцыі, якія ў Еўропе ўжо занядбаныя. На памяць абп Клаўдыё Гуджэроцці атрымаў у падарунак карціну з выглядам катэдры.

Таксама Клаўдыё Гуджэроцці асвяціў прынесеныя вернікамі хлеб і ваду з нагоды ўспаміну дня св. Агаты.

Нунцый сардэчна падзякаваў за ўвесь прыём у Гродне: за малітву, цёплыя пажаданні і спевы. Яго Эксцэленцыя паабяцаў, што ў цяжкія хвіліны будзе згадваць цёплыя і шчырыя пажаданні гродзенскіх вернікаў.