Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці ўпершыню наведаў Гродзенскую вышэйшую духоўную семінарыю, а таксама пазнаёміўся з алюмнамі і выкладчыкамі гэтай навучальнай установы.
На пачатку сустрэчы ксёндз рэктар Юзаф Станеўскі распавёў пра багатую гісторыю былога бернардынскага кляштара, у якім сёння знаходзіцца семінарыя. Арцыбіскупа вельмі ўразіла гісторыя гэтага месца. Ксёндз рэктар таксама распавёў пра сучасны стан семінарыі.
Затым нунцый сустрэўся з клерыкамі ВДС, якіх на сённяшні дзень налічваецца 46. Падчас сустрэчы арцыбіскуп звярнуўся да клерыкаў:
- Мяне вельмі цікавяць вашы пытанні. Перш за ўсё, я хачу перадаць вам прывітанне ад Святога Айца. Калі б Папа Вас убачыў, для яго гэта стала б вялікай падтрымкай. Вы – будучыня нашага Касцёла.
У сваім прывітальным слове нунцый расказаў алюмнам аб жыцці Папы і заахвоціў, каб будучыя святары заўсёды памяталі пра Святога Айца.
- Прыязджаючы сюды, я хачу пазнаёміцца з Вамі, хачу ўбачыць Вашу веру, – сказаў алюмнам абп Гуджэроцці. – Я толькі нядаўна ў Беларусі, але ўжо ўбачыў шмат цікавых спраў, звязаных з жыццём. Я быў у Віцебску, у Пінску і ўсюды я слухаў людзей: якія яны маюць праблемы і чым жывуць. У Мінску я сам усё гэта бачу, таму што жыву там. А сёння час для Гродна. Вы жывеце ў месцы, якое мае вельмі багатую гісторыю. Каталіцкі Касцёл у Беларусі адзіны, і мы павінны клапаціцца аб гэтым адзінстве.
Ксёндз арцыбіскуп заахвоціў алюмнаў у Гродне цікавіцца сваёй культурай, ведаць мову, захоўваць тыя звычаі, якія звязаны з Гродзенскай дыяцэзіяй. Нунцый прыгадаў, што Касцёл чакае ксяндзоў, яны вельмі патрэбныя.
Клерыкі задавалі нунцыю шмат пытанняў, звязаных з яго жыццём і з жыццём папы Бенедыкта XVI. Алюмны спыталі пра магчымы прыезд Папы ў Беларусь. Алюмны падзякавалі нунцыю за гэтую цікавую сустрэчу і запрасілі яго часцей наведваць семінарыю ў Гродне.