20 снежня ў будынку Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбылася перад Божым Нараджэннем сустрэча святароў, якія служаць на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі.
У праграме былі супольная малітва Літургіі гадзінаў і аскетычная канферэнцыя, з якой выступіў духоўны айцец святароў дыяцэзіі а. Андрэй Шчупал CSsR. Прысутныя ўдзельнічалі ў адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, мелі магчымасць прыступіць да споведзі.
У канцы сустрэчы святары падзяліліся аплаткамі.
Ганаровым госцем сустрэчы быў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Таксама ў ёй удзельнічаў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Ад імя прэзбітэрыя Касцёла на Гродзеншчыне канцлер біскупскай курыі кс. канонік Аляксандр Мацкевіч выказаў іерархам віншаванні з нагоды блізкіх святаў Нараджэння Пана.
Арцыбіскуп Станеўскі, звяртаючыся да сабраных, падкрэсліў, што людзі чакаюць святарскай руплівасці і служэння. Таму ён заахвоціў не шкадаваць часу і сіл, асабліва ў святочны перыяд, каб несці вернікам патрэбную надзею.
Біскуп Кашкевіч, у сваю чаргу, падзякаваў святарам за штодзённае служэнне ў парафіях, асабліва ў час Адвэнту, за яднанне вернікаў з Панам і абвяшчэнне Божага слова. Іерарх пажадаў, каб святы Божага Нараджэння былі для іх напоўненыя радасцю і благаслаўленнем.
Сустрэча завяршылася святочным абедам.
Першая аплаткавая сустрэча духавенства Гродзенскай дыяцэзіі прайшла ў лідскай парафіі Святой Сям’і некалькі дзён таму.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі