16 снежня ў лідскай парафіі Святой Сям’і адбылася сустрэча святароў, якія служаць на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі, прымеркаваная да блізкіх святаў Божага Нараджэння і злучаная з традыцыйным дзяленнем аплаткай.
Сустрэчу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
У праграме былі супольная малітва Літургіі гадзінаў і аскетычная канферэнцыя, з якой выступіў духоўны айцец святароў дыяцэзіі а. Андрэй Шчупал CSsR. Таксама прысутныя ўдзельнічалі ў адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, мелі магчымасць прыступіць да споведзі.
Звяртаючыся да сабраных, біскуп Кашкевіч найперш падзякаваў ім за штодзённае служэнне ў парафіях, асабліва ў час Адвэнту, за яднанне вернікаў з Панам і абвяшчэнне Божага слова.
Іерарх пажадаў, каб блізкія святы сталі для іх нагодай быць сярод людзей, якія маюць патрэбу ў святарскай падтрымцы і прысутнасці.
Таксама біскуп пажадаў усім святарам радаснага і спакойнага Божага Нараджэння і шчаслівага, шчодрага на Божыя дары новага года.
Сустрэча завяршылася святочным абедам.
Другая аплаткавая сустрэча духавенства Гродзенскай дыяцэзіі адбудзецца ў аўторак 20 снежня ў будынку Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Аляксандра Шчыглінская