Skip to main content

Малітва за памерлых з удзелам арцыбіскупа Кандрусевіча адбылася на гродзенскіх могілках

mogilki 292 лістапада, ва ўспамін усіх памерлых вернікаў, арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў святую Імшу на гродзенскіх гарадскіх могілках, якія знаходзяцца недалёка ад прадпрыемства “Гродна Азот”.

На Эўхарыстыі сабраліся шматлікія вернікі, каб у гэты асаблівы дзень атачыць малітвамі душы сваіх блізкіх памерлых.

Звяртаючыся да прысутных, іерарх адзначыў, што ў мінулы дзень Касцёл перажываў радасную ўрачыстасць Усіх Святых. “Учора радаснае “Хвала на вышынях Богу”, сёння “Вечны адпачынак дай ім, Пане””, – сказаў ён.

mogilki 34

Другі ж дзень лістапада, як нагадаў арцыбіскуп, схіляе да роздуму, разважання над таямніцай жыцця і смерці.

“Нашы памерлыя не могуць сабе дапамагчы. Час іх закончыўся. Гадзіннік для нашых памерлых спыніўся – распачалася вечнасць. І толькі мы можам ім дапамагчы адчыніць брамы раю, бо ў нашых руках ёсць ключ вечнага шчасця”, – дадаў іерарх.

Па словах арцыбіскупа, могілкі – гэта месца для разважання над жыццём, на старых могілках можна знайсці надпісы на надмагіллях: “Я быў як ты, але і ты будзеш як я”, і ад гэтай праўды мы не зможам уцячы.

mogilki 43

Пасля Імшы адбылася жалобная працэсія праз могілкі. Падчас стацый маліліся за памерлае духавенства, сваіх спачылых продкаў, усіх, хто пахаваны на гэтых і іншых могілках, за душы, якія церпяць у чыстцы.

На заканчэнне працэсіі арцыбіскуп Кандрусевіч падзякаваў вернікам за шматлікі ўдзел у супольнай малітве ў інтэнцыі памерлых, якія самі ўжо нічога не могуць зрабіць, але маюць патрэбу ў малітоўнай падтрымцы тых, хто жыве на зямлі.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі