
Усе прысутныя возьмуць удзел у набажэнстве Божага слова, а таксама ў набажэнстве святла. Дэвізам тыдня з’яўляюцца словы “Перамененыя праз перамогу Езуса Хрыста”, узятыя з І Ліста св. Паўла да Карынцян (15, 51-58). Тэксты да так званага экуменічнага тыдня ў гэтым годзе ўпершыню падрыхтавалі хрысціяне Польшчы.
У межах Тыдня па ўсім свеце адбываецца шэраг канферэнцый, сустрэч і набажэнстваў, арганізаваных Экуменічнай Радай, Канферэнцыяй Біскупаў і іншымі органамі Касцёлаў розных краін.
Айцы ІІ Ватыканскага Сабору ў спецыяльным дакуменце пра экуменізм настойвалі на супольнай малітве, згадваючы тое, што “гэты святы план паяднання ўсіх хрысціян у еднасці аднаго і адзінага Касцёла Хрыста сягае па-за людскія сілы і здольнасці” (Unitatis redintegratio, 24).
Гэта будзе ўжо другая ўрачыстая малітоўная сустрэча ў гродзенскай катэдры. Першая сустрэча за еднасць хрысціян пад дэвізам “І вы – сведкі гэтага” (Лк, 24, 48) адбылася ў 2010 годзе. У літургіі Божага слова, якую праводзіў кс. бп Аляксандр Кашкевіч, узялі ўдзел таксама прадстаўнікі праваслаўнай, лютэранскай і грэка-каталіцкай Цэркваў.
Шчыра запрашаем усіх вернікаў на малітву, а таксама памятаем у сваіх штодзённых малітвах пра еднасць хрысціян.