1 кастрычніка гімн студэнтаў “Gaudeamus igitur” у чарговы раз загучаў у сценах Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне на ўрачыстай цырымоніі пачатку новага навучальнага года.
У гэты дзень семінарыя ўжо ў 33-і раз прыняла маладых людзей, якія праз чалавечую, інтэлектуальную, духоўную і пастырскую фармацыю хочуць аддацца выключнаму служэнню Богу і Касцёлу.
На святочнай цырымоніі прысутнічалі госці: біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, святары, сёстры законныя, свецкія супрацоўнікі семінарыі, бацькі семінарыстаў.
З прывітальным словам ад імя старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскупа Алега Буткевіча выступіў біскуп Касабуцкі. Звяртаючыся да семінарыстаў, іерарх падкрэсліў, што важна адказна адносіцца да місіі, якую пакінуў Езус Хрыстус і якая заключаецца ў тым, каб быць Яго сведкамі для сучаснага чалавека.
Прэфект семінарыі кс. Ян Раманоўскі прадставіў прысутным справаздачу за мінулы навучальны год, багаты на падзеі, якія спрыялі атрыманню ведаў, і на розныя душпастырскія практыкі, якія праходзілі семінарысты.
Традыцыйна адбылася інаўгурацыйная лекцыя, з якой сёлета выступіў выкладчык маральнай тэалогіі і біяэтыкі кс. Андрэй Лысы TChr і якая называлася “Быць экспертам у душпастырскім распазнаванні. На прыкладзе дыялогу з гендэрнай ідэялогіяй”.
Святар прапанаваў сабраным кіравацца евангельскай любоўю, а таксама мудрасцю Касцёла, каб паспрабаваць зразумець прадстаўнікоў гендэрнай ідэалогіі, уступіць з імі ў дыялог і прыйсці да канкрэтных практычных высноваў.
Па словах дакладчыка, гэты дыялог і спроба паразумення маюць тры напрамкі: распазнанне крыніцы і сутнасці гендэрнай ідэалогіі, маральная ацэнка ў святле навучання Касцёла, высновы і практычнае прымяненне ў адносінах да душпастырскіх кантэкстаў.
На заканчэнне ўрачыстай цырымоніі да прысутных звярнуўся рэктар семінарыі кс. канонік Віталій Вайцяхоўскі. Ён адзначыў, што жыццё вылучае шмат разнастайных прапановаў, але семінарысты выбіраюць шлях таго, каб быць сведкамі Езуса. Звяртаючыся да студэнтаў семінарыі, святар падкрэсліў, што сёння ўсё менш гучыць голас Бога, таму выбар гэтага шляху вельмі важны.
Рэктар адразу перасцярог іх, што гэты шлях не належыць да лёгкіх, бо на ім будуць і радасць, і смутак. Таму ён заклікаў ніколі не губляць ахвоты з-за цяжкасцяў, глядзець наперад з надзеяй і даверыцца Богу.
Урачыстая цырымонія завяршылася ўручэннем заліковак студэнтам першага курса, якія толькі пачынаюць вучобу ў семінарыі. Затым у касцёле Адшукання Святога Крыжа (пабернардынскім) адбылася святая Імша, злучаная з абрадам апранання духоўнага адзення студэнтамі трэцяга курса.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Павел Догель