Skip to main content

Настаўнікі і выхавацелі Гродна падзяліліся аплаткай

Традыцыйная аплаткавая сустрэча для ўдзельнікаў душпастырства настаўнікаў і выхавацеляў адбылася 8 студзеня ў Пабрыгіцкім касцёле. Урачыстую св. Імшу цэлебраваў кс. бп Аляксандр Кашкевіч.

Падчас св. Імшы кс. Антоні Грэмза, кіраўнік душпастырства настаўнікаў і выхавацеляў Гродна, падзякаваў за падтрымку і малітву:

Дзякуем Пану Богу найперш за паслугу ксяндза біскупа Аляксандра ў нашай супольнасці, які як айцец і пастыр паказвае нам дарогу. Пан Бог бласлаўляе нас у нашых добрых намаганнях, стараннях і справах. Я таксама дзякую ксяндзу біскупу за тое, што магу быць апекуном душпастырства і весці гэтую справу для хвалы Бога ў нашым горадзе і нашай дыяцэзіі.

Пасля св. Імшы была прадстаўлена святочная праграма, падрыхтаваная ўдзельнікамі душпастырства. Спачатку адбылася літаратурна-музычная праграма, падчас якой актыўныя ўдзельнікі душпастырства зачытвалі прыгожыя радкі на тэму Раства, усе разам спявалі калядкі. Пасля дзеці ў касцюмах паказалі невялікую сцэнку. Апошнім артыстычным нумарам быў выступ дзвюх сясцёр з танцам “Гномікі”.

Пасля святочнай праграмы ксёндз біскуп асвяціў аплаткі. Настаўнікі і выхавацелі, як і кожны год, прыйшлі на сустрэчу са сваімі сужэнцамі, дзецьмі, унукамі. Усе дзяліліся аплаткай, складаючы адзін аднаму цёплыя пажаданні.

Настаўніца матэматыкі сп. Гражына:

Я ў душпастырстве ўжо трэці год. Удзел у гэтай супольнасці вельмі прыемны для душы, таму што тут збіраюцца людзі, якія глядзяць на жыццё неяк іначай, яны больш спакойныя і, я б сказала, больш любячыя.

- Я жадала сваім калегам добрага настрою, моцнага здароўя, выдатнага самаадчування, а таксама не звяртаць увагі на тыя жыццёвыя праблемы, якія ў нас зараз адбываюцца, -  распавяла адна з удзельніц душпастэрства.

Наколькі ўдалым быў мінулы год для душпастырства настаўнікаў і выхавацеляў, распавяла яго кіраўніца сп. Людміла Гапонік:

Гэты год быў для нас вельмі цікавым, таму што гэта быў год, калі мы святкавалі 10-годдзе нашага душпастырства, і ўжо можна можна было падвесці сціплыя вынікі. Можна было ўбачыць, што асноўная маса людзей, якія прыйшлі ў душпастырства 10 гадоў назад, дагэтуль з намі. Гэта вельмі цешыць, што яны жывыя, здаровыя, што прыходзяць сюды са сваімі сем’ямі, што яны радуюцца той духоўнасці, якая адчуваецца на нашых сустрэчах. Увесь час прыходзяць новыя людзі, хоць, бывае, хтосьці і сыходзіць. Гэтая супольнасць нам патрэбна, яна нас падтрымлівае – і прафесійна, і духоўна, і ў сямейным плане. Я б хацела ў гэтым годзе пажадаць, каб нашыя настаўнікі, выхавацелі, кіраўнік душпастырства кс. Антоні Грэмза, ксёндз біскуп Аляксандр былі здаровыя, каб іх ахоўвала Маці Божая і каб мы ўсе разам радаваліся нашай супольнасці.