
На сустрэчу, якая распачалася св. Імшой, прыбылі госці: кс. Павел Анішчык, які працуе ў Германіі ў Баварыі, кс. Юрый Павайба і кс. Валерый Быкоўскі. Св. Імшу цэлебраваў кс. Антоні Грэмза, кіраўнік АД “OPEN”. Гамілію прамовіў кс. Павел Анішчык, які нагадаў пра тое, як важна ў жыцці знайсці свае таленты.
Пасля літургіі моладзь з душпастырства паказала невялікую сцэнку на духоўную тэму, а затым хлопцы і дзяўчаты маглі падзяліцца аплаткай і скласці адзін аднаму пажаданні на Новы год. Перад тым, як асвяціць і раздаць аплаткі, кіраўнік АД “OPEN” кс. Антоні Грэмза згадаў, якім быў мінулы год для душпастырства і пажадаў, каб ягоныя ўдзельнікі і далей заставаліся вялікай сям’ёй старэйшай моладзі Гродна.
Што значыць кіраўніцтва душпастырствам для кс. Антонія, і якім ён бачыць мінулы год?
– Гэта маё жыццё, я штодня жыву душпастырствам. Мінулы год быў багаты на падзеі, на радасныя падзеі: паездка на СДМ у Мадрыд, на Еўрапейскую моладзевую сустрэчу ў Берлін, а таксама розныя акцыі, сустрэчы, з’езды. Я бачу добры плён нашых намаганняў і высілкаў, калі моладзь развіваецца духоўна і адкрывае сваё месца ў грамадстве, у Касцёле. Моладзь бачыць, што яна патрэбная. У гэтым ёсць будучыня для нашага Касцёла. Гэта самая вялікая радасць для мяне за мінулы год. Я жадаю ўсім удзельнікам душпастырства не спыняцца і развівацца далей, радавацца, што Бог прысутны ў іх жыцці, што яны маюць месца ў Божым Сэрцы і ў тым Касцёле, які яны разам ствараюць.
Чым адзначыўся мінулы год у душпастырстве, падзялўся адзін з яго ўдзельнікаў Павел:
– Для мяне душпастырства – гэта не столькі месца, колькі людзі і Пан Бог. Тут можна развівацца ў каталіцкім духу, а таксама знаходзіць нейкія адказы на свае пытанні, але не праз чытанне кніг, а праз зносіны з людзьмі. Вось гэта было галоўным.
Невялікая зала Пабрыгіцкага касцёла з цяжкасцю змяшчала ўсіх хлопцаў і дзяўчат, якія прыйшлі сюды, каб супольна падзяліцца аплаткай і цёплымі пажаданнямі:
– Дзякуй табе за тое, што ты ў мяне ёсць!
– Жадаю шмат-шмат радасці, і каб цябе ніхто не крыўдзіў!
– Няхай жыццёвыя цяжкасці цябе толькі загартоўваюць!
– Жадаю шмат Божага бласлаўлення і супакою ў сэрцы, а таксама ісці дарогай да святасці, не такой вялікай, а маленькай.