
У гаміліі пастыр указаў на Святую Сям’ю як на сапраўдны ўзор святасці. Усіх прысутных ён заахвоціў да штодзённай малітвы і да нядзельнай Эўхарыстыі, каб перамагчы ўсялякае зло, якое закранае таксама і нашыя сем’і. Як адзначыў кс. бп Аляксандр: “Каталіцкая сям’я сёння павінна быць моцнай у Богу. Таму я таксама заклікаю кожнага з Вас, бацькі і маці, дзеці, бабулі і дзядулі, каб Вы былі святымі”. Ксёндз біскуп таксама адзначыў, што сённяшні чалавек, таксама, як і сям’я, не павінен баяцца святасці. Касцёл і душпастыры дапамагаюць вернікам у гэтай духоўнай пілігрымцы.
Падчас св. Імшы ў літургічнай службе алтара было шмат людзей. Можна было заўважыць, як старэйшыя мужчыны з маладымі міністрантамі прыслугоўвалі пры алтары, а моладзевы хор упрыгожваў літургію сваім спевам.
На заканчэнне св. Імшы кс. Юзаф Ханьчыц нагадаў прысутным, што 15 гадоў таму на гэтым месцы духоўны айцец Гродзенскай ВДС кс. Міхал Варанецкі прачытаў дэкрэт аб заснаванні парафіі ў Лідзе ў мікрараёне Рабіноўскага. У гэтым годзе ксёндз пробашч разам са сваімі парафіянамі радаваўся асвячэнню новай святыні, пабудаванай на хвалу Богу і карысць людзям.
На заканчэнне ўрачыстай літургіі кс. бп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў усім прысутным, а асабліва ксяндзу пробашчу Юзафу і парафіянам за актыўны ўдзел у жыцці парафіі, а таксама за цудоўнае сведчанне веры. У той самы дзень ксёндз біскуп асвяціў таксама новую парафіяльную плябанію.