Гэта была незвычайная сустрэча, бо прыйшло вельмі шмат пілігрымаў, якія прыбылі падзякаваць за Х пешую пілігрымку Гродна – Рось, што адбылася на пачатку жніўня 2011 года. Парадавала тое, што на сустрэчы прысутнічалі пілігрымы не толькі з парафій Гродна, але і з Ліды, Сапоцкіна, Путрышак, Азёр, Квасоўкі, Свіслачы, Росі і Бераставіцы.
Сустрэча распачалася супольным спевам калядак пры яслях. Цэнтральным момантам стала св. Імша, якую цэлебраваў кс. Юрый Марціновіч, кіраўнік пешых пілігрымак да Росі. З Божым словам да вернікаў звярнуўся кс. прэлат Юзаф Трубовіч. Кс. пралэт прыгадаў жыццё і дзейнасць святога Сцяпана, першага мучаніка і дыякана, успамін якога абходзілі ў гэты дзень. Ксёндз прэлат Юзаф заахвоціў пілігрымаў і надалей даваць сведчанне сваёй веры праз удзел у пілігрымках, а таксама быць адважнымі хрысціянамі.
Другая частка сустрэчы адбылася ў ніжнім касцёле, дзе пілігрымы дзяліліся аплаткай, складаючы сабе ўзаемныя пажаданні, і радаваліся сустрэчы. Моладзь спявала калядкі і іншыя рэлігійныя песні, якія спрыялі каляднай атмасферы. Шмат радасці i душэўнага супакою прынёс выступ музычных гуртоў: дзіцячага “Deo” і моладзевага “Май” з парафіі Беззаганнага Зачацця НПМ ў Квасоўцы.
Таксама на сустрэчу прыехала моладзь з парафіі Маці Божай Анёльскай з Гродна (францішканскі), якая праз інтэграцыйныя танцы шмат дадала да супольнага святкавання Божага Нараджэння.
Дзякуй Пану Богу за гэтае спатканне, якое ўжо стала традыцыяй і якога пілігрымы чакаюць з нецярпеннем, каб разам адзначыць свята Божага Нараджэння.