Skip to main content

Фотафакт: рэкалекцыі па распазнанні паклікання прайшлі ў гродзенскай семінарыі

wds 1З 15 па 17 ліпеня ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбыліся рэкалекцыі па распазнанні жыццёвага паклікання.

Хлопцы з тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі прыбылі на духоўныя практыкаванні, каб у будынку семінарыі разам маліцца, разважаць над Божым словам, размаўляць з мадэратарамі гэтай навучальнай установы, а таксама думаць пра выбар свайго будучага жыццёвага шляху.

У межах сустрэчы ўдзельнікі з духоўным айцом кс. Янам Сарэлам і прэфектам семінарыі кс. Янам Раманоўскім разважалі між іншым пра ролю Маці Божай у жыцці чалавека.

Яны гаварылі пра знакаміты медалік, які ў 1830 г. Маці Божая даручыла вырабіць святой Кацярыне Лябурэ. Наказваючы зрабіць цудоўны медалік, Марыя паабяцала, што „ўсе, хто будзе насіць яго на шыі, атрымаюць вялікія ласкі”. Разважалі таксама пра Маці Божую Шкаплерную, абавязкі і ласкі, звязаныя з нашэннем кармэліцкага шкаплера.

Маладыя людзі ўдзельнічалі ў цырымоніях чарговай гадавіны мучаніцкай смерці благаслаўлёнай Мар’яны Бярнацкай, духавенства і жыхароў Гродна і Ліпска, расстраляных гітлераўцамі 13-16 ліпеня 1943 г. на фартах у Навумавічах. 

wds 2

У зале св. Яна Паўла ІІ удзельнікі рэкалекцый сустрэліся з Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Юзафам Станеўскім.

Акрамя таго, на адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, якую праводзілі семінарысты, юнакі маліліся ў інтэнцыі новых, святых і шматлікіх святарскіх і манаскіх пакліканняў для нашай краіны.

Рэкалекцыі завяршыліся святой Імшой, якую цэлебраваў рэктар семінарыі кс. канонік Віталій Вайцяхоўскі.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі