Skip to main content

Памяць бл. Мар’яны Бярнацкай і іншых мучанікаў Другой сусветнай вайны ўшанавалі ў Навумавічах

msza naumowicze 4916 ліпеня ў Навумавічах каля Гродна адзначылі чарговую гадавіну мучаніцкай смерці благаслаўлёнай Мар’яны Бярнацкай, духавенства і жыхароў Гродна і Ліпска, расстраляных гітлераўцамі 13-16 ліпеня 1943 г.

У лесе, які з’яўляецца нямым сведкам трагічных падзей, сабралося шмат вернікаў. Некаторыя прыйшлі ў пешай евангелізацыйнай пілігрымцы з Гродна, іншыя прыехалі.

Прысутныя маліліся ў адной інтэнцыі – каб Бог захаваў свет ад войнаў, голаду і агню, каб ніколі больш не паўтараліся такія падзеі, калі ў нявіннага чалавека адбіраецца найвялікшы дар, які ён мае, – жыццё.

Святую Імшу ўзначаліў біскупскі вікарый Гродзенскага рэгіёну кс. канонік Ян Кучынскі, пробашч катэдральнай парафіі св. Францішка Ксаверыя.

msza naumowicze 47

Віцэ-канцлер Гродзенскай курыі кс. канонік Антоні Грэмза ў гаміліі казаў пра гераізм мучанікаў нашай зямлі, кроў якіх была праліта падчас жудасных падзей Другой сусветнай вайны.

Святар заахвоціў прысутных углядацца ў гэты прыклад веры і адвагі, а таксама заўсёды быць вернымі Пану Богу.

На Эўхарыстыі ўдзельнікі маліліся за сваю краіну, каб у ёй панаваў жаданы мір, і за ўсе сем’і, каб яны на ўзор благаслаўлёнай Мар’яны былі здольныя на ўзаемнае служэнне, самапрысвячэнне і ахвяру.

Усе прысутныя падтрымалі малітвамі і ахвяраваннямі будаўніцтва новай святыні ў гродзенскім мікрараёне Баранавічы, якое пачалося сёлета ў ліпені. Гэты касцёл будзе прысвечаны благаслаўлёнай Мар’яне Бярнацкай.

Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, засноўваючы новую парафію, апякункай якой была абрана мучаніца нашай зямлі, хоча, каб памяць пра яе перадавалася з пакалення ў пакаленне і каб працягваў развівацца яе культ, каб пра гераізм яе ўчынку магло даведацца як мага больш людзей.

msza naumowicze 32

Як адзначаюць гісторыкі, у агульных магілах на навумавіцкіх фартах знайшло спачын больш за тры тысячы чалавек, найперш эліта грамадства: інтэлігенцыя, дзяржаўныя кіраўнікі, духавенства, грамадскія дзеячы.

Там расстраляна таксама Мар’яна Бярнацкая, якая была беатыфікавана 13 чэрвеня 1999 г. Янам Паўлам ІІ у Варшаве сярод 108 мучанікаў Другой сусветнай вайны. Смерць як заложнікі прынялі і трое гродзенскіх святароў: капелан сясцёр назарэтанак і прэфект школ кс. Юстын Скакоўскі, вікарый фарнай парафіі кс. Казімір Шыпіла, гвардыян гродзенскага кляштара францішканін а. Дыянізій Клімчак.

Акрамя таго, там знайшлі спачын гродзенскі віцэ-прэзідэнт Раман Савіцкі, выбітны біёлаг і заснавальнік гродзенскага заапарку Ян Каханоўскі, выкладчыкі настаўніцкай гімназіі Юзаф Ванатоўскі, Францішак Данько, Зыгмунт Мразоўскі і многія іншыя.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Міхаіл Міклашэвіч