
На працягу трох гадоў моладзь праводзіць акцыі, накіраваныя на дапамогу дзецям з асаблівасцямі ў развіцці. Асноўную ўвагу хлопцы і дзяўчаты скіроўваюць на Гродзенскі цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.
– Мы дапамагаем дзецям не толькі матэрыяльна, але таксама камунікуем з імі, праводзім гульні, ладзім святы і ранішнікі, дапамагем выхавацелям, – распавялі падчас прэзентацыі ўдзельнікі душпастырства.
Маладыя людзі не пакідаюць па-за ўвагай і іншыя сацыяльныя ўстановы Гродна. Напрыклад, на Дзень сям’і для выхаванцаў спецыяльнага дзіцячага садка № 5 горада Гродна і іх бацькоў моладзь з душпастырства арганізавала адпачынак у аграсядзібе ў Каробчыцах.
Падчас прэзентацыі моладзь паказала відэаролік, які распавядаў пра дабрачынную дзейнасць гродзенскай каталіцкай моладзі. Напрыканцы ўдзельнікі душпастырства расказалі пра сэнс акцыі “Пячэнька за пячэнька”: дзяўчаты і хлопцы пякуць печыва, якое раздаюць людзям за ахвяраванні. Сродкі ідуць на падарункі хворым дзецям. У нядзелю 11 снежня ў Фарным касцёле будзе арганізавана такая акцыя: набываючы пячэнька за ахвяру, можна будзе зрабіць свой унёсак на карысць хворых дзетак.