Працягваецца перэгрынацыя копій цудадзейных абразоў Маці Божай з беларускіх санктуарыяў па парафіях Гродзенскай дыяцэзіі. У мінулую суботу з абразамі развіталіся ў Іўі і вечарам іх сустрэлі вернікі воранаўскай парафіі святых апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша.
Святую Імшу цэлебраваў разам з вікарыем парафіі кс. Генадзем Рамашкам духоўны кіраўнік пілігрымкі а. Станіслаў Станеўскі CSsR. Звяртаючыся да прысутных, святар узгадаў, як сотні гадоў таму нашыя продкі прыходзілі да Марыі, каб Ёй пакланіцца, расказаць аб сваіх клопатах і праблемах, папрасіць у Яе дапамогі – і Яна кожнага слухала і дапамагала. Цяпер, па яго словах, Божая Маці прыйшла адведаць нас, бо мы Яе дзеці, а Маці заўсёды жадае нам дабра.
Таму, адзначыў а. Станеўскі, наша Нябесная Маці звяртаецца да нас, каб мы змаглі бачыць вялікія рэчы і быць сведкамі цудаў, якія чыніць Пан Бог у нашым штодзённым жыцці. “Яна ведае, што толькі з Ім чалавек зможа знайсці дабро, праўду, справядлівасць і любоў. І вось Яна дае нам бясцэнны дар – свайго Сына Езуса Хрыста, каб вучыцца прымаць Божую волю”, – дадаў святар.
Пасля заканчэння Імшы вернікі не спяшаліся разыходзіцца. Кожны асабіста хацеў аддаць пашану Марыі і данесці Ёй сваё маленне.
Прабудуць копіі ікон у воранаўскім санктуарыі Божай Міласэрнасці да 23 красавіка (развітальная Імша падзякі пройдзе ў гэты дзень у 7.30). Традыцыйна, як было і ў папярэдніх парафіях, на Імшах у перыяд прабывання абразоў адбудзецца ўшанаванне кожнага з іх з асаблівым зваротам да Маці Божай.
Віктар Ведзень