З 3 па 5 красавіка арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч правёў велікапосныя рэкалекцыі ў гродзенскай парафіі Святога Духа. Гэтая маладая парафія знаходзіцца ў новым мікрараёне Альшанка горада над Нёманам.
Калі арцыбіскуп Кандрусевіч быў пробашчам гродзенскай парафіі Маці Божай Анёльскай, то абслугоўваў вернікаў, якія жылі на тэрыторыі сённяшняй парафіі Святога Духа. Таму можна сказаць, што праз тры дзесяцігоддзі ён правёў духоўныя практыкаванні ў пэўным сэнсе для сваіх былых парафіян, а таксама для новых.
Парафія Святога Духа з’яўляецца адной з самых вялікіх у горадзе і складаецца ў асноўным з маладых сем’яў. Добрае сведчанне гэтага – тое, што катэхетычныя заняткі па падрыхтоўцы да Першай Камуніі наведваюць 470 дзяцей. Акрамя гэтага, у катэхізацыі ўдзельнічаюць дзеці, якія ўжо прынялі Першую Камунію, дзеці дашкольнага ўзросту і моладзь, якая рыхтуецца да прыняцця сакрамэнту канфірмацыі, у агульнай лічбе 300. Таксама ў парафіі прыслугоўвае больш за 100 міністрантаў.
Пакуль вернікі моляцца ў вялікай капліцы, вядзецца будаўніцтва касцёла. Актыўны і крэатыўны пробашч кс. канонік Павел Салабуда паспяхова будуе як матэрыяльную святыню, так і духоўны Касцёл.
Зыходзячы са слоў Езуса: “Я дарога, праўда і жыццё”, арцыбіскуп выбраў тэму рэкалекцый: “ID (ідэнтыфікатар) хрысціяніна”.
Сімвалічна, што духоўныя практыкаванні пачаліся ўнясеннем у капліцу рэліквій св. Фаўстыны Кавальскай – “сакратаркі” Езуса Міласэрнага. Вялікі пост з заклікам да навяртання з’яўляецца часам праяўлення бязмежнай Божай міласэрнасці.
Для пазнання “ID хрысціяніна” і прыняцця адпаведных пастаноў іерарх прапанаваў вернікам зрабіць грунтоўны рахунак сумлення з іх хрысціянскага сведчання ў духоўным, сямейным, прафесійным і грамадскім жыцці. Для рэалізацыі гэтай мэты былі прадстаўлены адмысловыя разважанні пра значэнне рэкалекцый як пазнання сябе; значэнне Божай міласэрнасці, якая найбольш дасканала праяўляецца ў сакрамэнце пакаяння; ролю Эўхарыстыі, якая перамяняе нас, каб затым мы перамянялі свет на лепшы; ролю малітвы, паслухмянасці Божай волі, культу святых, асабліва Марыі, і г.д.
Святы Павел VI кажа, што сучасны чалавек больш верыць сведкам, чым настаўнікам, нагадаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Іерарх дадаў, што нашае штодзённае жыццё сведчыць аб нашым хрысціянстве, з’яўляецца “лакмусавай паперкай” “ID хрысціяніна”. Будучы сведкамі хрысціянства, мы таксама з’яўляемся евангелізатарамі, бо свет бярэ з нас прыклад. Таму нашае хрысціянскае “ID” павінна праяўляцца ў нашым жыцці і адказе на выклікі часу, звярнуў увагу арцыбіскуп.
Акрамя таго, у межах рэкалекцый адбыліся навукі для дзяцей на тэму “Дарога да Бога”. У разважаннях, выкарыстоўваючы выявы аўтамабіля і дарожных знакаў, іерарх заклікаў дзяцей, каб “акумулятар” іх духоўнага жыцця заўсёды быў зараджаны праз малітву, удзел у святой Імшы, добрую вучобу і паводзіны, дапамогу сваім сябрам і патрабуючым.
Таксама ён заклікаў маладых парафіян захоўваць Божыя запаведзі – знакі на іх духоўнай дарозе – і браць прыклад са святых у імкненні да святасці, каб у будучыні быць годнымі радасці неба.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі